Жанна Нямцова: Расея з Беларусі імпартуе аўтарытарызм


«Я анархіст у добрым сэнсе слова», – гаворыць Жанна Нямцова, дачка забітага ў 2015 г. у Маскве апазіцыянера Барыса Нямцова. Чаго баяцца людзі ў Расеі, чаго баіцца Жанна, і ці была яна ў Беларусі? На Форуме Барыса Нямцова ў Варшаве з заснавальніцаю Фонду Барыса Нямцова і журналісткаю расейскай рэдакцыі тэлеканалу «Deutsche Welle» размаўляла Аліна Коўшык.

Страх – гэта галоўная эмоцыя, якая цяпер рухае людзьмі ў Расеі?

Не буду казаць, што гэта галоўная эмоцыя, і не хацела б факусавацца толькі на Расеі. Я думаю, гэтая моцная эмоцыя прысутнічае і ў еўрапейскіх краінах, і ў ЗША. Калі ёсць запыт на моцную руку? Тады, калі ў людзей ёсць страх перад занадта адкрытым грамадствам, занадта адкрытай эканомікай, перад нявызначанасцю, хоць яна ёсць заўсёды – гэта аснова нашага жыцця. Я думаю, што эканамічная глабалізацыя прывяла да таго, што адны людзі сталі вельмі заможнымі, а іншыя збяднелі, і гэты разрыў паміж імі па ўсім свеце, міграцыйны крызіс спарадзілі страх і настальгію па нейкіх ранейшых часах. Рост папулізму, нацыяналізму – гэта ўсё вынік страху.

А Вы чаго баіцеся?

Я не баюся, я ж анархіст у добрым сэнсе гэтага слова. Я вольны чалавек і нічога не баюся. Вядома, напэўна, у мяне ёсць страх смерці, як і ўва ўсіх, але на побытавым узроўні я не баюся нявызначанасці, не баюся рызыкаваць. Думаю, я вельмі шмат рызыкавала ў апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця. Некалькі разоў пачынала сваё жыццё спачатку, пяць гадоў таму пераехала ў Нямеччыну, не ведала, як там жыць, не ведала ніводнага слова па-нямецку. Я не той чалавек, якога лёгка спалохаць цяжкасцямі.

Што можа даць надзею не толькі расейцам, а ўвогуле жыхарам постсавецкай прасторы?

Людзям могуць даць надзею іншыя людзі. Толькі так гэта працуе. Чым больш будзе людзей, якія не будуць баяцца выказваць свае думкі і дзеяць, рызыкаваць, тым хутчэй мы ўбачым змены. Гэта вельмі доўгі працэс. Як казаў мой бацька, змены – не спрынт, гэта марафон. Акрамя самога запалу трэба яго захаваць на доўгія гады. Не ўсім гэта ўдаецца.

Ваш бацька быў сябрам дэмакратычнай Беларусі, мы яго памятаем. Ён казаў, што дэмакратыя можа прыйсці ў Беларусь з Расеі. Цяпер гэта яшчэ актуальна?

Я думаю, што цяпер адбываецца зваротны працэс. Цяпер адбываецца імпарт аўтарытарызму ў Расею з Беларусі. А экспарту не адбываецца, таму што тое, што адбываецца ў нас, у вас адбывалася пяць гадоў таму. Я думаю, што мы імпартуем усе вашыя палітычныя тэхналогіі ды стыль палітычнага кіравання. Але я не вельмі добра разбіраюся ў рэаліях Беларусі, я ні разу там не была. Планую паехаць туды ў гэтым годзе.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 18.10.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

Стужка навінаў