Жанчыну з эпілепсіяй пакаралі 25 соднямі арышту


Суд Фрунзенскага раёну Менску.
Фота: belsat.eu

21 снежня суддзя Фрунзенскага суда Вікторыя Крэпская пакарала 25 соднямі па ч. 3 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП Людмілу Паўлоўскую. Раней яе ўжо судзілі па першай частцы артыкула 23.34 і пакаралі тэрмінам на 12 содняў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

«У аўтобусе ў яе здарыўся прыступ эпілепсіі, аднак тыя, хто затрымліваў жанчыну, падумалі, што яна неадэкватная, і не выклікалі хуткую. Суддзя таксама не звярнула ўвагі на хваробу», – распавяла сястра затрыманай.

На паседжанні 21 снежня не было адваката, але шэраг супярэчнасцяў заўважны і без яго: не супадаюць месца затрымання і акалічнасці. Дзяўчыну затрымалі на Харкаўскай, хаця ў пратаколе пазначаная іншая вуліца – Прытыцкага. Супрацоўнікі АМАПу затрымалі яе не ў калоне: калі да яе падʼехаў бусік, яна ішла адна, у пратаколе гаворыцца пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сястра мяркуе, што маглі заўважыць чырвона-белыя пальчаткі. Калі Людмілу папрасілі прайсці ў аўтобус праверыць дакументы, яна не супраціўлялася, хаця судзілі яе ў тым ліку і паводле артыкулу за супраціў.

Зараз жанчына знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.

АА belsat.eu

Стужка навінаў