Жанчына захварэла на COVID-19, але лекары адмовіліся рабіць тэст


Жыхарка гораду Івацэвічы яшчэ 12 кастрычніка страціла адчуванне смаку і пахаў. Наталля звярнулася ў раённую больніцу. Але там ёй адмовілі не толькі ў тым, каб зрабіць тэст на каронавірус, але нават і ў тым, каб выпісаць бальнічнае звальненне. Дзяўчына зрабіла платны тэст, які паказаў наяўнасць інфекцыі ў яе арганізме. І толькі пасля гэтага лекары ў бальнічным звальненні, якое пагадзіліся працягнуць, напісалі пра захворванне на COVID-19.

39-гадовая жыхарка Івацэвічаў Наталля абураецца, што захварэла на COVID-19, але мусіла наведваць больніцу і самастойна высвятляць, ці сапраўды ў яе каронавірус. Лекары, пасля таго, як яна звярнулася ў шпіталь, паставілі ёй дыягназ – вострая рэспіраторная інфекцыя.

«У панядзелак 12 кастрычніка я раптоўна адчула, што не адчуваю пахаў і смаку. На наступны дзень я пайшла ў больніцу. У прыёмнай мяне накіравалі ў так званую «брудную» зону. І там лекар мне заявіў, што не можа даць мне бальнічнае звальненне, бо ў мяне няма тэмпературы. Акрамя таго, у мяне наагул не было і іншых сімптомаў: кашлю, насмарку. Я пачала спрачацца, што цяпер ледзь не з імбрыка паведамляюць, што калі знікае адчуванне пахаў і смаку, то гэта можа быць сімптомам каронавірусу», – распавядае «Белсату» Наталля.

Пры гэтым лекары адмовілі дзяўчыне не толькі ў бальнічным звальненні, але нават і не пажадалі рабіць ёй тэст на каронавірус, хоць Наталля была гатовая зрабіць яго нават платна.

«Лекары ўпарта мне пярэчылі, што няма падставаў, каб я праходзіла нейкія працэдуры. Я пачала тлумачыць, што калі пайду на працу, магу заразіць іншых людзей і гэта будзе на сумленні лекараў. І толькі пасля таго, як лекар патэлефанаваў нейкаму загадчыку, мне выпісалі бальнічнае звальненне. Таксама лекар выпісаў мне антыбіётыкі. Агулам я была ў больніцы 6 разоў. Кожны раз прасіла выпісаць лекі. Мне станавілася горш. Я адчувала слабасць, не адчувала сябе здаровай. Кожны раз я прасіла зрабіць мне тэст. Але кожны раз мне ў гэтым адмаўлялі», – кажа Наталля.

Аб’ектыў
Другая хваля каронавіруса прыйшла ва ўніверсітэты
2020.10.23 23:45

Пасля спрэчак у раённай больніцы дзяўчына вырашыла самастойна зрабіць тэст і накіравалася ў прыватную клініку, паколькі бальнічнае звальненне ёй выпісалі ўсяго на чатыры дні.

«Я паведаміла лекарам, што здам аналіз у прыватнай клініцы і пагадзілася, каб мне закрылі бальнічнае звальненне. Але тэст ў прыватнай клініцы паказаў станоўчы вынік. І толькі пасля гэтага лекары працягнулі мне бальнічны і ўзялі кроў на аналіз».

Тэст на каронавірус са станоўчым рэзультатам.
Фота: Belsat.eu

Наталля кажа, што вынікаў даследавання яе крыві лекары не паказалі. Праўда, пачалі пісаць у даведцы, што яна захварэла каронавірусам, хоць перашапачатковы дыягназ быў вострая рэспіраторная інфекцыя.

Пры гэтым Наталля распавядае, што яе калегі на працы таксама сутыкаюцца з падобным стаўленнем у шпіталі. Але не кожны патрабуе правядзення тэстаў. У выніку многія ідуць на працу пасля пяці дзён бальнічнага звальнення.

«На працы ў мяне я ведаю, што ўжо чатыры чалавекі не адчуваюць пахаў. Некаторыя з тэмпературай. Але людзі не хочуць губляць дадатак да заробку. Да таго ж з такім стаўленнем у больніцы яны працягваюць хадзіць на працу. Яны заражаюць астатніх. Інфекцыя разносіцца ад аднаго да другога. Яно ж у выніку прывядзе да выбуху. Знаёмы таксама страціў смак і пах, яму далі бальнічны на некалькі дзён і ён потым мусіў пайсці на працу. Але ў выніку гэта ж вядзе да распаўсюду каронавіруса», – лічыць Наталля.

Бальнічны Наталлі працягвалі чатыры разы.
Фота: Belsat.eu

«Лекары прызнаюцца, што ім забараняюць браць аналіз на каронавірус»

«У мяне бабуля 87-мі гадовая. Яна ляжыць цяпер. Часта запытваецца, а дзе ж унучка. А як я магу яе наведаць? Калі пасля сустрэчы з ёй нешта дарыцца, я ўсё жыццё буду лічыць сябе вінаватай, што яе заразіла інфекцыяй, якая для пажылых можа быць смяротнай. Я ж не ведаю, ці працягваю з’яўляцца носьбітам віруса. Бо на момант, калі я зрабіла тэст, у мяне выпрацоўваліся антыцелы. Але ці гэта азначае, што я не ўяўляю небяспеку для навакольных – я не ведаю. Лекары не тлумачаць гэтага. А пра бабулю дык наагул мне заявілі, што пажылыя людзі ў нас моцныя і дужыя. Гэтыя словы выклікалі ў мяне ледзь не адчай».

Наталля кажа, што лекары не цікавіліся яе кантактамі. Абураецца тым, што мусіла шэсць разоў наведвацца ў больніцу.

«Кожны раз, калі я прыходзіла на прыём, у кабінеце сядзеў іншы лекар. Але казалі яны адное і тое ж: рабіць тэст на каронавірус няма падставаў. Паколькі няма сімптомаў, то я мушу неўзабаве выходзіць на працу. А адна лекарка дык наагул сказала, што брала б аналізы, але ім не дазваляюць. Мне падаецца, што ім проста не хочацца псаваць статыстыку. Лёс і здароўе людзей не цікавяць», – кажа Наталля.

У даведцы напрыканцы напісалі, што Наталля перахварэла каронавірусам.
Фота: Belsat.eu

У Івацэвіцкай раённай больніцы кажуць, што лекары працуюць згодна з пастановамі і загадамі Мінздароўя. Кожны, хто прыходзіць у шпіталь, атрымае неабходную дапамогу.

«Лекары цяпер прымаюць усіх пацыентаў. Усе, хто да мяне прыходзіў, атрымалі дапамогу. Што да адмовы рабіць тэстаў – то выйшаў новы загад Мінздароўя. Паводле дакументу, забор матэрыялаў да даследаванне на каронавірус адбываецца на 7-9 дзень пасля захворвання. На працягу 7-9 дзён да тэсту чалавек атрымлівае бальнічнае звальненне і накіроўваецца на самаізаляцыю. Таксама выпісваюцца лекі, бо вядомыя сімптомы інфекцыі», – распавялі «Белсату» у Івацэвіцкай раённай больніцы.

Hавiны
Ад каронавірусу памёр былы галоўны архітэктар Віцебску Барыс Лядзенка
2020.10.20 12:09

СК belsat.eu

Стужка навінаў