Жанчына, якую ўчора ў Жодзіне ўдарыў міліцыянт: «У мяне вельмі моцны стрэс, я нават не магу есці»


«Белсат» паразмаўляў з жодзінцамі, якія сутыкнуліся з гвалтам з боку міліцыі.

13 верасня Наіля пайшла ўвечары пагуляць па Жодзіне. Ейны муж Герман згадвае: калі жонка патэлефанавала з просьбаю яе забраць, ейны голас быў вельмі ўсхваляваны.

«Я адразу не паверыў, што міліцыянт мог яе ўдарыць па галаве. Але яна паказала відэа», – згадвае мужчына.

Наіля. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Удома Наіля распавяла, што разам з іншымі пратэстоўцамі яны спрабавалі адбіць затрыманага на мітынгу хлопца. Усё, што адбывалася, жанчына здымала на тэлефон.

«Магчыма, Наіля занадта блізка падышла да міліцыянта. Але ягоная рэакцыя была неадэкватная… Ударыць яе па галаве з усяго размаху! Яна такая маленькая… Я ў такім шоку быў! Мяне трэсла ўсяго», – кажа Герман.

Напачатку Наілі не было балюча, потым ужо яна адчула, што нямее рука, з носа пацякла светлая вадкасць, непрыемныя адчуванні ў вуху, сківіцы. У шпіталі высветлілася, што косці цэлыя, быў удар калена, нязначныя пашкоджанні. Рэнтген не выявіў нічога небяспечнага.

Марш жанчын
Удзельніца Жаночага шэсця міру ў Менску паказвае міліцыянту плакат з фотаздымкам збітага ўдзельніка пратэстаў. 5 верасня 2020 года. Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Але псіхалагічны стан жанчыны вельмі кепскі. «Я перажыла моцны стрэс. Спадзяюся, што праз пару дзён стане лягчэй. Вельмі нервуюся, не магу есці. У мяне галава моцна баліць, рука, калена. Сёння былі на судмедэкспертызе, памералі траўмы. Нічога страшнага, выпісалі лекі супраць болю і для супакаення», – кажа Наіля.

Сёння жанчына рабіла судмедэкспертызу, да яе прыходзілі следчыя. Размова была карэктная, але ўжо цяпер вядома, што супраць Наілі распачалі адміністратыўную справу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

13 верасня жыхарка Жодзіна, якую падчас мірнага шэсця ўдарыў у твар міліцыянт, разам са сваёй адвакаткаю Марыяй Калесавай-Гудзілінай звярнуліся ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэту.

У Следчым камітэце прынялі заяву аб здзейсненым злачынстве, пацярпелая атрымала накіраванне на медычную экспертызу. Міліцыянт, які ўдарыў жанчыну ў твар, апазнаны.

МУС праводзіць праверку інцыдэнту на пратэсце ў Жодзіне 13 верасня, калі супрацоўнік міліцыі ўдарыў жанчыну. Пашыраны каментар ведамства апублікуе, калі «сітуацыі будзе дадзена аб’ектыўная ацэнка», расказала TUT.BY прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

belsat.eu

Стужка навінаў