Жанчына сарвала балаклаву з амапаўца. Ёй пагражае 5 гадоў турмы


Беларуска Наталля Хершэ шмат гадоў жыве ў Швейцарыі, але сёлета не змагла заставацца абыякавай да падзеяў на радзіме і прыляцела ў Менск. На адным з жаночых маршаў яе затрымалі, асудзілі на 15 содняў і распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку міліцыі з ужываннем гвалту.

«Несла наш бчб-сцяг, сама ўся яскравая – бландынка, у белым»

Наталля Хершэ цяпер знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Там яна адбывае пакаранне паводле арт.23.34 КоАП РБ за ўдзел у жаночым шэсці ў суботу 19 верасня. 4 кастрычніка сканчаецца тэрмін арышту, але ці выйдзе жанчына на волю – невядома. Супраць яе завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт.363 КК РБ – супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў з ужываннем гвалту ці пагрозай яго ўжывання. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае да пяці гадоў абмежавання ці пазбаўлення волі. А ўсё за тое, што жанчына падчас затрымання сарвала балаклаву з амапаўца.

Жаночы марш у Менску, 19 верасня.
Фота: Belsat.eu

За «хапуном» на жаночым маршы онлайн назіраў брат Наталлі Генадзь Касьян.

«Наталля прыляцела ў Беларусь, каб правесці тут свой адпачынак, а таксама падтрымаць нашую краіну ў гэтых падзеях. Сястра заўсёды была неабыякавай да лёсу радзімы, – распавёў Генадзь. – Яна адразу далучылася да розных акцый. Хадзіла падтрымаць Алену Лазарчык, у якой забралі сына Арцёма, на жаночыя маршы. У тую суботу таксама пайшла. Я ў наўпроставым эфіры бачыў Наталлю ў першых шэрагах. Яна несла наш бел-чырвона-белы сцяг, сама ўся такая яскравая – бландынка, у белым».

Крыху пазней Генадзь прачытаў, што на маршы пачаліся затрыманні. Наталля адказала на ягоны званок і сказала, што яе таксама забралі.

«Я яе супакойваў, каб яна не хвалявалася, бо яна нічога не парушыла, таму ўсё будзе добра. Яна мне яшчэ адказвала ў вайберы, пакуль яе везлі ў аўтазаку, а потым тэлефон стаў недасяжным», – узгадвае Генадзь.

Мужчына пачаў шукаць сястру. Датэлефанавацца ні ў РАУС Савецкага раёну, ні на Акрэсціна не змог – шмат разоў чуў адно кароткія гудкі.

«Нібыта там адмыслова паадкладалі слухаўкі, каб ніхто не дазваніўся», – мяркуе Генадзь. Пра тое, што сястра на Акрэсціна, мужчына даведаўся толькі ўвечары са спісаў праваабарончага цэнтру «Вясна».

Падазраваная ў непадпарадкавані сілавікам Наталля Хершэ за некалькі дзён да затрымання ў адной з менскіх кавярняў

Ліст з-за кратаў на кавалку прасціны

У панядзелак з Генадзем звязалася адвакатка, якую прызначылі Наталлі, і паведаміла, што, па-першае, беларускую швейцарку асудзілі на 15 содняў за ўдзел у маршы, а па-другое – завялі крымінальную справу.

Hавiны
Асуджаных за сутычку з міліцыяй маладзечанцаў прызналі палітвязнямі
2020.09.30 19:12

4 кастрычніка ў Наталлі сканчаецца тэрмін адміністратыўнага арышту. Паводле брата жанчыны, мера стрымання па крымінальнай справе дагэтуль не прызначаная.

«Адвакатка кажа, што калі да вечара пятніцы 2 кастрычніка гэтую меру не прызначаць, то Наталлю могуць усё ж адпусціць у нядзелю», – зазначае Генадзь.

Пра сітуацыю Наталлі грамадскасць даведалася таксама дзякуючы адвакатцы Марыі Калеснікавай Людміле Казак. Яна была разам з Наталляй на Акрэсціна цягам адных содняў. Праз спадарыню Казак Наталля перадала на волю ліст, напісаны на кавалку прасціны. Паперу ёй не давалі.

Генадзь Касьян, як толькі даведаўся пра затрыманне сястры, адразу звярнуўся ў амбасаду Швейцарыі ў Менску. У той жа дзень, паводле брата затрыманай, пасол Швейцарыі ў Беларусі накіраваў у Міністэрства замежных спраў Беларусі хадайніцтва аб сустрэчы з Наталляй. Але з боку МЗС дагэтуль не было ніякай рэакцыі, кажа Генадзь. Адначасова розгалас падняла беларуская дыяспара ў Швейцарыі. Там гісторыю Наташы ўжо распавялі шмат у якіх мясцовых медыях.

Брат Наталлі зазначае, што, магчыма, праблема б ужо вырашылася, калі б у сястры было толькі швейцарскае грамадзянства, якое яна атрымала пяць гадоў таму. Тады б яе маглі вызваліць і дэпартаваць з Беларусі. Але жанчына не стала адмаўляцца ад беларускага пашпарту, і цяпер і паводле адміністратыўнай, і паводле крымінальнай справаў праходзіць як грамадзянка Беларусі.

Калі пратэсты заціхнуць, настане 37 год

Наталля Хершэ з’ехала ў Швейцарыю больш за 12 гадоў таму. Як распавёў ейны брат, нарадзіліся і правялі дзяцінства яны ў Воршы. Потым Наталля скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, працавала бухгалтаркай у аршанскім «сабесе». Потым выйшла замуж за швейцарца.

Наталля Хершэз братам у роднай школе ў Воршы. Фота з сямейнага архіву

За мяжою выхавала дваіх дзяцей – дачка цяпер вучыцца ў Цюрыху на псіхолага, сын працуе на прадпрыемстве. Сваю кар’еру ў Швейцарыі Наталля пачынала з нізоў – тэхнічнаю працаўніцаю ў піваварнай кампаніі. Цяпер мае добрую пасаду ў прыватнай кампаніі. Праз тры дні жанчыне споўніцца 51 год.

«У Наташы заўсёды была даволі актыўныя жыццёвая пазіцыя. Яна сябе лічыць патрыёткай Беларусі і яе вельмі хвалюе ўсё, што адбываецца ў нашай краіне, таму яна не захацела адмаўляцца ад беларускага пашпарту, – кажа брат Наталлі.

– Людміла Казак казала, што была ўражаная стойкасцю і моцай духа Наташы, што ў яе было адчуванне, што калі б Наташу вызвалілі, заўтра яна б зноў пайшла на марш. Яе не зламалі ні гэтыя 15 содняў, ні крымінальная справа».

Неабыякавы да сітуацыі на радзіме і сам Генадзь. Мужчына жыве ў Маладзечне, дзе 25 гадоў прапрацаваў лекарам на хуткай дапамозе. Цяпер сышоў у фармацэўтычны бізнес. Пасля выбараў, 9 і 10 жніўня выходзіў на плошчу ў сваім горадзе, і быў шакаваны гвалтам з боку АМАПа ў дачыненні да мірных грамадзянаў. Выступіў на мітынгу перад пяццю тысячамі маладзечанцаў і публічна заклікаў да адказнасці вінаватых у хлусні і гвалце пасля прэзідэнцкіх выбараў. А потым ад свайго імя мужына напісаў зварот да мэра Маладзечна.

«Я пытаўся, на якой падставе ў наш горад былі ўведзеныя часткі АМАПу, і чаму яны там жорстка абыходзіліся з людзьмі, – распавёў Генадзь. – З выканкаму я атрымаў адказ, што мае пытанні не ў кампетэнцыі мэра, і што іх накіравалі начальніку РАУСу Маладзечна. Але які сэнс, калі гэты начальнік прымаў непасрэдны ўдзел у тым, што адбывалася ў нашым горадзе 9 і 10 жніўня?»

Аналагічны адказ Генадзь Кас’ян атрымаў з пракуратуры. Чарговы зварот разглядае Следчы камітэт.

У судзе Кастрычніцкага раёну судзяць фатографа Аляксандра Васюковіча. Менск, Беларусь. 28 жніўня 2020 г.
Фота: belsat.eu

«Мне страшна за будучыню нашай краіны. У мяне адчуванне, што калі цяпер мірныя пратэсты заціхнуць, то ў нас наступіць 37 год, закруцяць гайкі так, што давядзецца з’язджаць, – кажа Генадзь. – Я не адчуваю сябе тут у бяспецы. І тое, што адбываецца пасля 9 жніўня, вельмі балюча адбілася ў маім сэрцы, бо я сам лекар паводле адукацыі, і я не мог спакойна глядзець, як гвалцяць людзей.

Мы аказаліся ў поўным прававым бязладдзі. У сваёй краіне мы ніяк не абароненыя. Кожны дзень мы рызыкуем сваёй свабодай, здароўем, нават жыццём. Мая пазіцыя адназначная – не губляючы надзеі, змагацца супраць гэтага крывавага рэжыму. Шляху назад ужо няма. Я веру, што цяпер нашая перамога – пытанне часу. Я шчыра спадзяюся на справядлівасць сусвету ў дачыненні да маёй сястры, што яе адпусцяць, бо на нашае правасуддзе спадзявацца не выпадае».

НА Belsat.eu

Стужка навінаў