Жанчына хацела адвучыць мужа ад п'янства і пасадзіла ў склеп. Ёй прысудзілі год турмы


Мужчына амаль увесь заробак аддаваў на алкаголь. Жонка не працавала, атрымлівала дапамогу па догляду за маці-інвалідам. На гэтыя грошы сямʼя і жыла.

У траўні жыхарка вёскі ў Дубровенскім раёне выявіла прапажу з дому кухоннага начыння. Яна папракнула мужа, што ён вынес іх з дому.

Калі мужчына спусціўся ў склеп па квас, жонка зачыніла вечка ўваходу і наверх паставіла халодню ды кухонную шафку.

«Жанчына запатрабавала, каб муж прызнаўся, куды падзеў кухоннае начыння, і даў абяцанне завязаць з алкаголем. Яна прыгразіла: «Калі не прызнаешся, застанешся ў склепе на ўсё жыццё». Мужчына сцвярджаў, што нічога не браў», – прыводзіць падрабязнасці старэйшы пракурор аддзелу пракуратуры вобласці Вольга Вержбовіч.

У склепе мужчына прасядзеў каля трох гадзінаў і пагадзіўся выканаць яе патрабаванні. Праз шчыліну ў дзверы жанчына дала мужу паперу і асадку. Мужчына напісаў, што кухонныя прыналежнасці аддаў суседу, і паабяцаў не піць. Калі жонка выпусціла яго, мужчына адразу патэлефанаваў у міліцыю.

Зніклае начынне праз два месяцы знайшлося на гарышчы дому сямʼі. Жанчына цалкам прызнала сваю віну. Муж прэтэнзіяў да яе не мае, аднак 54-гадовую жанчыну прызналі вінаватай у абмежаванні асабістай свабоды чалавека шляхам гвалтоўнага ўтрымання ды прысудзілі пазбаўленне волі на год з адтэрмінаваннем на такі ж тэрмін і штраф 1225 рублёў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў