Жамчужнага адмовіліся амніставаць, бо палёгка прадугледжваецца толькі за «наркатычны артыкул»


Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік звярнуўся да дэпутатаў беларускага парламенту з прапановай унесці ў закон аб амністыі асобаў, асуджаных паводле артыкулаў 375, 376 і 431 Крымінальнага кодэксу, паводле якіх адбывае цяпер пакаранне палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Але дэпутаты адказалі, што магчымасць цжывання «акту гуманізму» толькі да асуджаных паводле арт. 328 КК (так званы «наркатычны артыкул). Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

У сваім звароце ў Палату прадстаўнікоў Леанід Свецік прапанаваў дэпутатам скарыстацца сваім правам на канчатковую рэдакцыю тэкстаў заканадаўчых актаў і ўключыць у закон аб амністыі асобаў, асуджаных на падставе артыкулаў 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На сёння пакаранне ў месцах пазбаўлення волі па гэтых артыкулах адбывае толькі адзін чалавек – палітвязень Міхаіл Жамчужны.

«Амністыя гэтага чалавека будзе актам гуманізму з боку дзяржавы, прадэманструе імкненне беларускіх уладаў да выканання міжнародных стандартаў у сферы правоў чалавека», – зазначыў у звароце праваабаронца.

Аднак старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцін Міхневіч запэўнівае Свеціка, што ягоны зварот «па пытанні прымянення амністыі ў дачыненні да асобаў, асуджаных па артыкуле 328 КК РБ», разгледжаны. Распавядае пра прынцып калегіяльнасці пры распрацоўцы амністыі і пералічвае назвы органаў, што вызначалі пералік артыкулаў, на якія распаўсюджвалася папярэдняя амністыя.

«13 сакавіка 2019 году Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы разгледзела пытанне аб магчымасці ўжывання гэтага акту гуманізму з боку дзяржавы да асобаў, асуджаных паводле артыкулу 328 КК, і накіравала пісьмо ў МУС РБ з просьбай улічыць нашыя прапановы пры падрыхтоўцы названага законапраекту», – напісаў Міхневіч.

Праваабаронца Леанід Свецік сцвярджае, што ні ў цяперашнім звароце ў ПП НС, ні раней не ўздымаў тэму амністыі асуджаных па 328-му артыкулу.

«Тэма гэтая вельмі важная. Напэўна, сябры камісіі атрымалі вельмі шмат зваротаў пра неабходнасць амністыі асуджаных па «наркатычнаму» артыкулу, таму не выключаю, што адбылася блытаніна. Але ж я так і не атрымаў адказу на сваю прапанову – амніставаць палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Гэта прыкра…» – кажа Леанід Свецік.

Між тым, 17 красавіка меркаваны спіс артыкулаў, асуджаныя па якіх могуць падпасці пад амністыю ў 2019 годзе, апублікаваў партал TUT.BY. Паводле законапраекту, які трапіў да журналістаў, амністыя закране і пакараных па «наркатычным» артыкуле. Але толькі часткова. У прыватнасці, на два гады могуць скараціць тэрміны зняволення няпоўнагадовым і на 1 год – асуджаным па частках 1,2,3 арт. 328.

Аб’ектыў
У калоніях Беларусі застаўся апошні палітвязень
2018.10.24 21:23

СК belsat.eu

Стужка навінаў