Жалобы па сотні загінулых расейцаў не будзе, бо яны «не вайскоўцы»


Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, падвёў вынікі авіяўдару заходняй кааліцыі ў Сірыі. Паводле Дзмітрыя Пяскова, у выніку налёту загінулі грамадзяне Расеі, але не вайскоўцы.

А пытанню пра магчымую жалобу Пяскоў наагул здзівіўся: маўляў, перажываць няма за што. Паводле заходніх медыяў, у Сірыі маглі загінуць нават ад сотні да паўтысячы расейцаў. Пра сотню расейскіх наймітаў у Сірыі на мінулым тыдні паведаміў таксама Ігар Стралкоў (Гіркін), былы афіцэр ФСБ РФ і кіраўнік антыўкраінскіх баевікоў на Усходзе Украіны.

Ваявалі, загінулі, нікому не патрэбныя

Пентагон абнародаваў кадры авіяўдару ў сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор, які быў здзейснены тыдзень таму. Паводле звестак групы Conflict Intelligence Team і расейскага парталу «Медиазона», пад удар трапілі байцы прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера, якая на тэрыторыі Сірыі ажыццяўляе баявыя аперацыі.

Прадстаўнікі амерыканскага міністэрства абароны не пацвярджаюць, але і не зняпраўджваюць, што сярод забітых былі расейцы.

На сёння вядомыя імёны 8 забітых грамадзянаў Расеі. Некаторыя з іх раней бралі ўдзел у вайне на Данбасе. Паводле блізкіх загінулых, целы будуць дастаўленыя ў Растоў-на-Доне.

Паводле адной з версіяў, якой прытрымліваецца афіцыйная Масква, 7 лютага лаяльныя Асаду сілы праводзілі спецаперацыю дзеля ліквідацыі ячэйкі «Ісламскай дзяржавы». Другая версія палягае на тым, што праўрадавыя сірыйскія сілы разам з расейскімі наймітамі спрабавалі авалодаць нафтаперапрацоўчым заводам на тэрыторыі, якую кантралююць сірыйскія дэмакратычныя сілы, саюзнікі ЗША.

ДД

Стужка навінаў