Жалоба па Рамане Бандарэнка, сілавікі палююць на студэнтаў. Галоўнае за 97-ы дзень пратэстаў

Belsat.eu падсумоўвае вынікі 97-га дня пратэстаў у Беларусі.

Менск, наступны дзень пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Людзі выйшлі на вуліцы са знічамі, сталі ў ланцугі памяці. 13 лістапада. Фота: ТК / Belsat.eu

«Мы выходзім»

Напярэдадні Беларусь ускалыхнула навіна пра смерць 31-гадовага Рамана Бандарэнка, які абараняў плошчу Пераменаў ад невядомых, што зрэзалі бчб-стужкі. Яшчэ з вечара ў вядомым дворыку на Чарвякова пачалі збірацца людзі са знічамі і кветкамі.

Раніцай там утварыўся народны мемарыял. Людзі працягваюць знаходзіцца ля яго ўвесь час.

Смерць Рамана Бандарэнкі выклікала хвалю абурэння і салідарнасці. Краіна развітваецца з героем

Таксама па ўсёй краіне цягам дня беларусы выходзілі ў ланцугі салідарнасці і жалобы. У некаторых кропках сілавікі разганялі іх і затрымлівалі.

Сваю салідарнасць з загінулым Раманам выказалі і беларусы замежжа.

Лукашэнка пракаментаваў смерць Бандарэнкі

Падчас сустрэчы з дзяржаўнымі і лаяльнымі замежнымі журналістамі Лукашэнка выказаўся наконт смерці Бандарэнка.

«[…] У дадзеным выпадку, як мне далажылі, завязалася бойка, прытым бойка сур’ёзная. І хтосьці (гэта ж у міліцыі ўсё ёсць) з пратэстуючых патэлефанаваў «карнікам» у міліцыю. Выехаў узмоцнены нарад міліцыі. Калі яны падʼехалі, як звычайна, усё разбегліся. А гэты ці то траўмаваны быў, ці то што… у нецвярозым стане. Гэта прызнана. Заключэнне сёння прадставіў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў пʼяным. Вядома, яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел. Яму стала кепска па дарозе, як мне далажылі. Яны выклікалі хуткую дапамогу і адправілі яго ў шпіталь».

Пры гэтым ён выказаў спачуванні сям’і загінулага.

Праверку па справе праводзіць Генпракуратура.

«Быў п’яны, стала кепска па дарозе ў міліцыю». Як Лукашэнка каментуе смерць Бандарэнкі

Бацька Дзядка распавёў акалічнасці затрымання блогера

Бацька актывіста і блогера Мікалая Дзядка Аляксандр распавёў belsat.eu абставіны ягонага затрымання ў ноч на 12 лістапада.

«Яго збівалі, патрабавалі нейкую інфармацыю, якая іх цікавіла. Доўга збівалі… Гэта ўсё цягнулася ўсю ноч. Потым правезлі яго ў ГУБАЗіК, там працягвалася збіццё, а потым яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна. Цяпер ён знаходзіцца там», – кажа бацька.

Пры гэтым Аляксандр Дзядок сцвярджае, што ніякай «канспіратыўнай кватэры» пад Асіповічамі не было – сын проста абраў, дзе яму хацелася жыць. З Беларусі Мікола зʼязджаць не збіраўся.

«Ніякай канспіратыўнай кватэры не было». Бацька Міколы Дзядка – пра затрыманне сына

Студэнты ў КДБ

Затрыманыя ўчора студэнты Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік і іншыя, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Ягор Канецкі праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 342 КК. Магчыма, астатнія таксама.

Акрамя таго, сябра КР і прадстаўніца Цііханоўскай у справах моладзі Алана Гебрэмарыям утрымліваецца ў «амерыканцы».

Ціханоўская абвесціла Народны Трыбунал

На платформе «Голас» будзе праведзены працэс Народнага Абвінавачвання па матэрыялах аб злачынствах рэжыму.

«Кожны беларус зможа прагаласаваць за абвінавачванне падазраваных. Мы не выносім прысуд да сумленнага суду, але ўсе людзі, за абвінавачванне якіх прагаласуе народ Беларусі, першымі будуць прыцягнутыя да адказнасці», – кажа Ціханоўская.

Пасля падвядзення вынікаў 20 снежня «народ Беларусі выйдзе на самы масавы марш з заявай Народнага Абвінавачвання і пакажа ўсяму свету, што справядлівага суда над злачынцамі патрабуе большасць».

Плошча пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял, прысвечаны Раману Бандарэнка. Фота: ВВ / Белсат

КА belsat.eu

Hавiны