Жахі рэпрэсіўнай машыны. Што хаваюць архівы КДБ?


Курапаты – адно з самых страшных месцаў на тэрыторыі Беларусі. У 1988 годзе археолаг і палітык Зянон Пазняк адкрыў праўду пра Курапаты.

З 1937 да 1940 года камуністы расстралялі і закапалі тут дзясяткі тысячаў невінаватых людзей.

«Самая маленькая магіла – гэта 10 чалавек. Па разліках – гэта адна машына, адзін варанок. Самая вялікая магіла – 373 чалавекі», – кажа археолаг Алег Іоў.

Знаходкі археолагаў сведчаць пра страшныя рэчы. Некаторых людзей прывозілі наўпрост з дому.

«Тут былі такія пахаванні, па якіх відаць, што людзі – не з турмы. Бо там знаходзілі хатнія бутэрброды. Каб яны былі з турмы, яны б не захаваліся б так. Хтосьці нават грамафонную кружэлку ўзяў. Вось каму трэба было ў турму браць такія рэчы? Яны не ведалі, куды іх вязуць», – запэўнівае Іоў.

Hавiны
Людзі крычалі і не разумелі, за што іх забіваюць. Сведка расстрэлаў у Курапатах узгадвае жудаснае відовішча
2018.09.27 13:00

Археолаг кажа, што было б няправільна казаць, што расстрэльвалі выключна інтэлігенцыю. З ягоных словаў, большасць расстраляных – звычайныя людзі.

Дагэтуль ідуць спрэчкі аб колькасці пахаваных у Курапатах. Гучаць розныя лічбы: ад 7 тысячаў да 200–250 тысячаў.

«Я думаю, што максімум – каля 30 тысячаў, мінімум – 20 тысячаў. Вывучана каля 15 магілаў, у якіх знойдзена 959 чалавек», – кажа Алег Іоў.

Спадар Алег распавядае, што ў Курапатах знайшлі 581 яміну, але не ўсе яны ўтрымліваюць парэшткі. На сёння вывучаны 41 аб’ект, і сярод іх толькі 15 магілаў.

«Ёмістасць пахаванняў на плошчы 30 гектараў можа сягаць 95–100 тысячаў», – тлумачыць свае падлікі гісторык Ігар Кузняцоў.

Ён згаджаецца, што сярод ямінаў ёсць прыродныя ўпадзіны, але мяркуе, што лік 30 тысячаў – няправільны.

«Калі будавалася кальцавая дарога, яна прайшла па частцы пахаванняў. Траса газаправоду ідзе наўпрост праз Курапацкую галгофу, акурат там, дзе была найбольшая канцэнтрацыя пахаванняў. Таму ніхто сёння, нават археолагі, не змогуць сказаць, колькі яшчэ магчымых пахаванняў было знішчана», – адзначае гісторык.

Хто там пахаваны?

У Курапацкім лесе пахаваныя самыя розныя людзі: ад акадэмікаў да сялянаў. Найбольшая праблема ў тым, што ідэнтыфікаваць гэтых людзей практычна немагчыма – пры забітых пераважна няма дакументаў, а калі адкрыюцца архівы, пытанне рытарычнае.

«На сёння следству было вядома два імя па нататках, па квітанцыях, каштоўнасцях, якія ў іх былі вынятыя ў гарадзенскай турме. З турмы іх прывезлі наўпрост у Курапаты і там расстралялі», – распавядае Алег Іоў.

Тое, што ў іншых не было пры сабе ніякіх дакументаў, тлумачыцца тым, што грошы, дакументы і каштоўнасці забіралі.

Ці магчыма сёння знайсці імёны тых, каго расстралялі ў Курапатах? МУС і КДБ кажуць, што ў іх няма ніякіх дакументаў, якія сведчаць пра расстрэлы ў Курапатах. Напачатку 90-х у газеце «Мінская праўда» выйшла інтэрв’ю з намеснікам начальніка УКДБ па Менскай вобласці Андрэевым. Падчас інтэрв’ю ён сказаў, што вывучыў справу свайго дзеда і дазнаўся, што яго прызналі польскім шпіёнам і расстралялі ў Курапатах.

«Значыць, узнікае пытанне: ён гэта інтуітыўна вызначыў? Ці былі нейкія дакументы, што ягоны дзед менавіта там знаходзіўся?» – запытваецца Ігар Кузняцоў.

Гэты факт пакідае надзею, што рана ці позна свет даведаецца імёны нявінна забітых.

Барацьба жывых з мёртвымі

Прайшло 80 гадоў, але Курапацкім магілам няма спакою. Зусім побач ужо амаль год працуе рэстаран з гулянкамі і салютамі. А гэтай вясной, падчас велікоднага посту, улады вырвалі там каля сотні крыжоў, усталяваных раней грамадскасцю.

Аб’ектыў
Грамадскія актывісты хочуць прымусіць улады вярнуць крыжы ў Курапаты
2019.04.07 19:17

Актывісты, якія абараняюць Курапаты, сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам. За год супрацьстаяння абаронцам выпісалі больш за 1000 штрафаў на суму каля 51 тысячы рублёў. Арышты вымяраюцца сотнямі содняў. Толькі Павел Севярынец адседзеў у ізалятары 67 дзён.

«Я туды паехала пасля таго, як знеслі крыжы. Я паехала туды замест крыжоў. […] Калі мы там стаім, мы забяспечваем сабой мемарыялізацыю, памяць, водгук эмацыянальны. То бок мы стаім там замест таго мемарыялу, які ў ідэале павінен там быць», – тлумачыць свой удзел у Курапацкай варце даследніца творчасці расстраляных пісьменнікаў Ганна Севярынец.

Што адбываецца цяпер з Курапатамі? Як дамагчыся годнай мемарыялізацыі гэтага месца і ці спыняцца там танцы на касцях? Пра гэта даведаецеся з прэм’ернага выдання ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.

Стужка навінаў