«Згубляшкі», чэмпіёны і бясплатнае піва. Як я быў валанцёрам на марафоне


Калі апошні марафонец дакульгае да фінішу, адгрымяць музыка і звон марафонскіх медалёў, надыходзіць «час валанцёра». Валанцёры-ратаўнікі «ўратуюць» паўскрыні бананаў, нехта паклапоціцца пра торбу безалкагольнага піва, а хтосьці забярэ толькі сціплы дыплом-падзяку. Журналіст belsat.eu спраўдзіў, як гэта і навошта – быць валанцёрам на буйным марафоне.

Валанцёры з медалямі чакаюць на першых фінішаваўшых.
Фота: Belsat.eu

Каму патрэбныя валанцёры?

У Еўропе бадай што аніводзін марафон не абыходзіцца без валанцёраў. Гэта людзі, якія прысвячаюць свае час і сілы, каб стацца часткаю свята, часам – незаўважанаю, а часам – проста неабходнаю. Профіт для арганізатараў – не трэба плаціць сотням асобаў. Пры гэтым валанцёры ў большасці – моцна матываваныя і не тое што не адвільваюць ад працы, наадварот – шукаюць, дзе б тут яшчэ папрацаваць. Праца тут на выбар: можна вешаць медалі на марафонскія шыі, раздаваць ваду і ежу на дыстанцыі, адводзіць віп-атлетаў на допінг-кантроль проста з фінішу, або патруляваць трасу на ровары, каб калі што – выратаваць спартоўца, якому стане кепска (лятальныя выпадкі на марафонах не такая ўжо і рэдкасць).

Медалі Варшаўскага марафона PZU.
Фота: Belsat.eu

За пару дзён да пачатку Варшаўскага марафона PZU на сайце можна было запісацца ўсяго ў пару групаў валанцёраў, а ў большасці ўжо былі занятыя месцы. Мне ўдалося трапіць у групу «інфармацыя». Гэта значыць, што давядзецца ведаць усё: дзе прыбіральня, калі медпункт, што рабіць, калі памыліліся з памерам кашулькі і г.д.

«А дзе тут старт?»

А 6:30 валанцёрам з «інфармацыі» раздаюць паўтараметровыя сцягі з надпісам «Info», камізэлькі, бэйджы і… шпількі. Часцяком бегуны не маюць, чым прычапіць нумар на кашульцы, бо шпількі са стартавага пакету маюць уласцівасць губляцца ці заставацца ўдома.

Валанцёрам раздаюць паўтараметровыя сцягі з надпісам «Info».
Фота: Belsat.eu

Файна было б прайсці навучанне ці інструктаж, але не. Мы з напарніцай маем з паўгадзіны, каб зарыентавацца па мапе ды таймлайну імпрэзы – і наперад: дапамагаць.

Удзельнікі кампаніі «Спартанцы – дзецям». Грошы, якія яны назбіраюць, ідуць на дабрачынныя мэты.
Фота: Belsat.eu

Каардынатар групы вызначае для валанцёраў месцы для «патрулявання», але мы з Люцынай праз некаторы час разумеем, што найбольш патрэбныя каля старту. Літаральна ў 50 метрах ад вялізнай надзіманай брамы з надпісам «СТАРТ» людзі пытаюць: «А дзе старт?» За 10-15 хвілінаў да пачатку забегу вакол нас ужо збіраецца натоўп «згубляшак», мы ледзь паспяваем, як вар’яты-рэгуліроўшчыкі, махаць рукамі і адказваць на тыя ж самыя пытанні: дзе пакідаюць рэчы марафонцы? Дзе пакідаюць рэчы ўдзельнікі 5-кіламетровага забегу? Дзе старт на марафон? Дзе на 5 км? Дзе прыбіральні? Здараюцца і пытанні, што ставяць нас у тупік. Напрыклад, дзе ўзяць палачкі тым, хто ўдзельнічае ў эстафеце? Правільны адказ – «нідзе», бо гэтая эстафета без перадачы палачак, усё счытвае электроніка па чыпах на стартавых нумарах.

Фота: Paweł Supernak / PAP

Бэйдж, камізэлька – і ты нябачны для ахоўнікаў

Самае цяжкае ў працы валанцёра – гэта нічога не рабіць. Калі ўсе стартавалі, час цягнецца доўга. Я карыстаюся момантам ды іду на фініш, за агароджу, куды «простых смяротных» не пускаюць. Бэйдж і камізэлька робяць мяне нябачным для ахоўнікаў. Тут вісяць тысячы медалёў, марафонцаў чакаюць скрыні з бананамі і ізатонікам.

Пераможца Варшаўскага марафона PZU Дадзі Гамэда на фінішы.
Фота: Belsat.eu

І менавіта тут я чакаю пераможцу марафону, эфіопа Дадзі Гамэду. Фактычна на апошнім кіламетры ён вырваў перамогу ў свайго земляка, абагнаўшы яго на 15 секундаў.

А пазней я бачу і радасць самай хуткай жанчыны Варшаўскага марафона – Рэбэкі Корыр. Яна прабегла 42 кіламетры ў неверагодным тэмпе, але пры гэтым зіхаціць усмешкаю.

Рэбэка Корыр – самая хуткая жанчына на марафоне ў Варшаве.
Фота: Belsat.eu

Праз некаторы час мы атрымліваем новае заданне – раздаваць безалкагольнае піва тым, хто фінішаваў. Гэтая праца не надта цікавая, але можна паназіраць за марафонцамі: хтосьці бадзёры і весела абураецца, што піва 0%, а хтосьці ледзь ідзе ды бурчыць: «не трэба».

Бясплатнае піва для марафонцаў.
Фота: Belsat.eu

Быць ці не быць валанцёрам?

Добры валанцёр – гэта той, з якім не трэба вазіцца. Але нават калі ў вас няма досведу ў такіх імпрэзах, запісвацца можна смела: вам дапамогуць вашыя кампаньёны. Самае галоўнае для валанцёра – шчырае жаданне дапамагчы і добры настрой.

Арганізатары могуць забяспечыць разнастайнымі падарункамі: стартавымі марафонскімі кашулькамі, адмысловымі медалямі. Напоі, ежу замаўляюць заўсёды з запасам, а што застаецца – трапляе ў нераўнадушныя рукі тых, хто дапамагаў у арганізацыі бегу. Але не спяшайцеся вінаваціць валанцёраў у жаданні «адарваць халявы». Самыя спрытныя і мэтанакіраваныя, канечне, маюць шанец прытуліць з 5 кг бананаў і 10 бутэлек ізатоніка. Але кошт гэтых скарбаў у дзясятак разоў меншы за 8-10 гадзінаў бясплатнай працы і непадробнага заангажавання.

Зміцер Ягораў Belsat.eu

Стужка навінаў