Здрада Украіне даказаная: суд у Кіеве зачытвае прысуд Януковічу


Абалонскі суд Кіева прызнаў даказанай віну Віктара Януковіча, які хаваецца ад правасуддзя ў Расеі, у дзяржаўнай здрадзе.

Зранку ў чацвер 24 студзеня ў судзе пачалі зачытваць прысуд былому прэзідэнту Украіны. Яго абвінавачвалі ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама ў дапамаганні ў вядзенні агрэсіўнай вайны і парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

Цяпер суддзі па чарзе зачытваюць матывацыйную частку прысуду, у якой гаворыцца, што віна Януковіча ў дзяржаўнай здрадзе і дапамаганні ў вядзенні агрэсіўнай вайны даказаная.

«Нягледзячы на ​​непрызнанне сваёй віны абвінавачаным, суд, выслухаўшы паказанні сведак, даследаваўшы вывады экспертаў, дакументы і рэчавыя доказы, ацаніўшы довады абвінавачвання і абароны, лічыць, што вінаватасць абвінавачанага ў здзяйсненні злачынстваў (…) даказаная належнымі і дапушчальнымі доказамі», – заявіў суддзя.

Рэзалюцыя прысуду пакуль не апублікаваная, таму не вядома ці палічыць суд экс-прэзідэнта вінаватым.

Пракуроры просяць для Віктара Януковіча пакарання ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі. Асновай абвінавачвання стаў ягоны зварот у 2014 годзе да Пуціна, у якім ён нібыта прасіў увесці ва Украіну войскі.

Януковіч на бальнічным ложку

Цяпер Януковіч у Маскве. Раней ён прымаў удзел у паседжаннях праз скайп. Аднак сёння ён на сувязь не выйшаў. Паводле адваката Віталя Сярдзюка, яго падабаронны перанёс аперацыю і цяпер на рэабілітацыі.

У лістападзе летась расейскія медыі паведамілі, што Януковіча шпіталізавалі ў Маскве «ў нерухомым стане з падазрэннем траўмы хрыбетніка і калена», якія ён атрымаў падчас гульні ў тэніс. Украінскі суд тады дазволіў падсуднаму выступіць з апошнім словам з бальнічнага ложку, але ён гэтага не зрабіў.

ДШ/ДД, belsat.eu

Стужка навінаў