Збяры мех смецця – скокні з мосту на вяроўцы


Ініцыятыва «Наша Альтэрнатыва» правяла ў Гомлі трохдзённы гісторыка-культурніцкі летнік «Еўрапейская спадчына» і акцыю па прыборцы смецця на пляжы і ў дубовым гаі.

У імпрэзе паўдзельнічалі студэнты, выкладчыкі, актывісты, шматдзетныя семʼі, якія сабралі мяхі смецця і прыбралі пляж ля Клёнкаўскага масту, які зʼяўляецца папулярным месцам адпачынку жыхароў гораду.

Пасля сканчэння прыборкі ўдзельнікі пры дапамозе спецыялістаў «Роўпджампінгу» маглі скокнуць з вяроўкай.

«Мне ўсё вельмі спадабалася, я не толькі прыбраў смецце, але і сустрэўся з аднадумцамі. Скокі – гэта ўвогуле нешта неверагоднае», – падзяліўся ўражаннямі ўдзельнік мерапрыемства Зміцер Бекарэвіч.

 

«Мэта летніка пазнаёміць беларусаў з гісторыяй краіны, далучыць да грамадскай дзейнасці на глебе ўзаемных інтарэсаў праз экалогію, гісторыю і спорт. Бачу, што ўсе засталіся задаволеныя і просяць працягу, таму летнікі будзем ладзіць і далей», – кажа арганізатар ініцыятывы Кастусь Жукоўскі.

Пасля мерапрыемства ўдзельнікі размясцілі некалькі інфармацыйных шыльдаў з просьбай не забруджваць навакольнае асяроддзе.

КЖ belsat.eu

Стужка навінаў