Збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Глыбокім. Стрым


Сёння ў Глыбокім праходзіць пікет для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Ён пачаўся а 12-й гадзіне, і арганізатары плануюць працаваць да 22:00. Нягледзячы на працоўны дзень і моцны вецер, у чарзе падпісантаў пастаянна стаяць 30–40 чалавек. А 18-й гадзіне «Белсат» распачне стрым з пікету. Онлайн-трансляцыю можна будзе глядзець на нашым YouTube-канале і ў сацыяльных сетках.

Пікет вылучаецца стабільнай колькасцю людзей. Як кажа адзін з арганізатараў – такая палітычная актыўнасць вельмі незвычайная для Глыбокага.

«Для паўночна-заходняй Віцебшчыны – гэта вельмі шмат. Я вельмі ўражаны. Тут былі вельмі розныя людзі, самых розных сацыяльных групаў. Прыемна асэнсоўваць, што людзі прачынаюцца», – гаворыць сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Пікет па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Глыбокім на Віцебшчыне, 1 чэрвеня 2020 г.
Фота: «Белсат»

Большасць выбаршчыкаў кажуць, што яны прагнуць пераменаў. Некаторыя падпісваюцца адразу за некалькіх кандыдатаў.

«Я хачу, каб былі сапраўдныя, сумленныя выбары. І гэта залежыць ад усіх нас».

«Трэба мяняць! Колькі ўжо можна? Са зменай кіраўніка краіны зменіцца ўсё ў краіне! Мне не падабаецца, што ў нас нізкія заробкі»

«Я хачу бачыць выбары!» — гавораць жыхары Глыбокага, якія прыйшлі падпісацца за Святлану Ціханоўскую.

Фота: «Белсат»

Мясцовая прадстаўніца Беларускага Хельсінкскага камітэту кажа, што такая чарга для Глыбокага – падзея. Яна адзначыла, што ў горадзе збіралі подпісы ня толькі за Святлану Ціханоўскую, але і за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Аднак адзначыла, што сёння людзей прыйшло больш.

Аніякіх асаблівых перашкодаў ці парушэнняў у хадзе выбарчай кампаніі яна не заўважае. Але адзначае пэўныя спробы правакацыяў.

Некаторыя жыхары Глыбокага мяркуюць, што Святлану Ціханоўскую нават не прапусцяць да наступнага этапу выбарнай кампаніі. Але ўсё роўна прыходзяць, каб паставіць подпіс і паказаць сваю нязгоду.

Фота: «Белсат»

Глыбокае – горад з даўнішняй гісторыяй. Там нарадзіліся Вацлаў Ластоўскі, і таму, на думку грамадскага актывіста Кастуся Шыталя, у мястэчку і сёння жыве нацыянальны дух:

«Сёння падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў выйшлі простыя працоўныя, пралетарыят. Людзі, якія не цікавіліся раней палітыкай. Гэта нешта нечаканае для ўсіх».

Такую актыўнасць Кастусь тлумачыць перадусім распаўсюджваннем інтэрнэту і стомленасцю народу.

«Усё больш людзей дасталі малыя заробкі, яны ўсё часцей шукаюць лепшай долі за мяжой: у Польшчы ці ў Расеі. У людзей пакрысе складаецца ўражанне, што так далей нельга», — кажа ён.

Фота: «Белсат»

Мясцовы журналіст Зміцер Лупач мяркуе, што Глыбокае заўсёды было актыўным горадам. Калісьці там 47% жыхароў выступала за Зянона Пазняка.

Некаторыя падпісанты зазначаюць, што часы змяніліся, і зараз не трэба баяцца выказваць сваё меркаванне.

«Нашае сталае пакаленне цягне нас на дно. Самі не жылі, і нам не даюць. Яны яго абралі, а ў 96-ым не здолелі спыніць канстытуцыйны пераварот, – абураецца мясцовы жыхар. – Далей так жыць нельга!»

Фота: «Белсат»

Дарэчы, арганізатарка пікету ў Глыбокім – Людміла Барэйка. Гэта з яе падачы і з’явіўся лозунг кампаніі Ціханоўскага «Стоп таракан!».

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў Горадні 29 траўня падчас пікету, дзе збіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Hавiны
Святлана Ціханоўская апублікавала адкрыты ліст у сувязі з падзеямі ў Горадні
2020.06.01 08:20

АА belsat.eu

Стужка навінаў