Збівалі дзяцей, абкрадалі вучэльню. Судзяць кіраўніцтва Магілёўскага ПТВ


У Чавусах распачаўся суд над былым дырэктарам Магілёўскага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча зачыненага тыпу № 2 па дрэваапрацоўцы Алега Малышкіна і двух ягоных намеснікаў – Валерыя Баравікова і Аляксандра Доўгага. Справу разглядае суддзя суду Чавускага раёну Вольга Палуян.

​Паводле следства, абвінавачаныя перавысілі свае службовыя абавязкі пры высвятленні абставінаў уцёкаў шасцёх навучэнцаў з тэрыторыі вучылішча: дырэктар і два ягоныя намеснікі збілі непаўналетніх, пасля чаго абмежавалі іх свабоду – да раніцы наступнага дня незаконна зачынілі дзяцей у пакоі. Бок абвінавачвання прыводзіць і іншыя выпадкі збіцця падлеткаў былым дырэктарам Малышкіным і Баравіковым.

Выхаванцы ПТВ № 2, якія летась на тры гадзіны збеглі з вучэльні, а потым былі жорстка збітыя кіраўніцтвам

Супраць кіраўнікоў вучэльні распачалі справу паводле часткі 3 артыкулу 426 Крымінальнага кодэксу («перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое суправаджалася гвалтоўнымі дзеяннямі і абразай пацярпелых»).

Адвакат і абвінавачаныя

Супраць Алега Малышкіна таксама выставілі абвінавачванні паводле артыкулаў 317 і 424 артыкулах КК («парушэнне правілаў дарожнага руху» і «злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі»).

Следства даводзяць, што ў верасні 2016 года дырэктар вучэльні на службовым аўтамабілі наехаў на дзяўчынку 2009 года нараджэння, прычыніўшы ёй цялесныя пашкоджанні, а з верасня 2016 года па сакавік 2017 года неаднаразова аддаваў незаконныя ўказанні сваім падначаленым і выхаванцам у асабістых інтарэсах.

Гэтак, Малышкін незаконна ладзіў вываз матэрыяльных каштоўнасцяў (дрэва) з тэрыторыі вучылішча на сваё лецішча ў вёску Купёлы Магілёўскага раёну і ў іншыя месцы з прыцягненнем да працы супрацоўнікаў і выхаванцаў вучылішча.

Алег Малышкін, былы дырэктар спецыяльнай ПТВ № 2. Фота – афіцыйная старонка вучэльні

У суд падлеткаў у святочных кашулях прывезлі на «Газелі» з Магілёву. Тут іх чакалі бацькі і сваякі – для непаўналетніх на судзе абавязкова прысутнасць законных прадстаўнікоў.

Навучэнцы ПТВ, якія пацярпелі ад кіраўніцтва вучэльні

Пасля змены кіраўніцтва ў ПТВ сустрэчы выхаванцаў са сваякамі перасталі быць рэдкасцю. Пацярпелыя заяўляюць, што з прыходам новага дырэктара сітуацыя значна палепшылася: «У нас стала меней пакаранняў і болей заахвочванняў. Новы дырэктар ПТВ Віталь Лебедзеў возіць нас у паходы, у цырк, займаецца з намі спортам: валейболам, більярдам, тэнісам, ходзіць з намі ў трэнажорную залю. Ён зрабіў у нашым інтэрнаце кухню і зараз усе па чарзе на ёй могуць гатаваць ежу», – гавораць пацярпелыя.

Цімафей (у белай кашулі) і Наталля Варанкова (справа)

Маці аднаго з пацярпелых Наталля Варанкова распавяла, што цяпер можа некалькі разоў на месяц сустракацца з сынам: «Сына адпускаць са мной гуляць па горадзе, калі я прыязджаю. Атмасфера ў ПТВ значна змянілася, раней там былі свае «аўтарытэты», а цяпер усе роўныя».

Хлопцы сцвярджаюць, што больш не збягуць.

«Нам засталося адбыць у ПТВ зусім мала. Хутка мы ўсе выйдзем на волю і пачнем новае жыццё: мы свой урок засвоілі. У зняволенні вельмі дрэнна: больш за ўсё не хапае сяброў і сям’і, больш так не хочам» – адказвае за ўсіх пацярпелы Іван Янкоўскі.

Дзеці знаходзяцца ў ПТВ паводле рашэння інспекцыі па справах непаўналетніх. Такім чынам караюць цяжкіх падлеткаў за парушэнні крымінальнага кодэксу.

Хлопцы выйдуць з вучэльні з засвоенай прафесіяй. Нехта з іх будзе плітачнікам-абліцоўшчыкам, нехта – каменшчыкам.​ Кадр з відэа на афіцыйным канале вучэльні на YoutTube

Найчасцей падлеткі трапляюць ва ўстановы зачыненага тыпу за крадзеж. Многія з іх раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, як правіла, за ўжыванне спіртных напояў у грамадскіх месцах ці дробнае хуліганства. У спецвучылішча могуць патрапіць падлеткі да 18 гадоў на тэрмін да 2 год.

Андрэй з маці Аленай

Андрэй Шупішаў, які з ПТВ патрапіў у больніцу з сумешчаным пераломам хрыбетніка, таксама прысутнічае на судзе. Прадстаўляць ягоныя інтарэсы з роднага Чэрыкава прыехала маці Алена Шчаўлікава.

Андрэй прабыў у больніцы амаль месяц, але наступствы траўмы адчувае дагэтуль.

«Гэтую траўму я атрымаў праз збіццё былымі супрацоўнікамі, а не праз падзенне з плоту, як сцвярджаюць у ПТВ. Цяпер, калі я доўга стаю сагнуўшыся, у мяне пачынае балець спіна», – кажа Андрэй Шупішаў.

Дыягназ Андрэя Шупішава

Абвінавачаныя вельмі рэзка адрэагавалі на прэсу ў судовай залі. Былы намеснік дырэктара ПТВ Валерый Баравікоў заявіў з-за кратаў, што гэта СМІ яго «зрабілі зэкам». Некаторыя прысутныя выказвалі яму словы падтрымання.

Абвінавачаныя сваю віну прызнаюць часткова. Алег Малышкін згодны, што парушыў правілы дарожнага руху, а астатняе адмаўляе. Маўляў, у дачыненні да яго ўжываюцца санкцыі, як да службовай асобы, але ён падчас уцёкаў і збіцця падлеткаў знаходзіўся ў адпачынку. Абодва намеснікі Малышкіна – Баравікоў і Доўгі прызнаюць сваю віну часткова ў асобных выпадках.

Уцёкі і пакаранне

Інцыдэнт, пасля якога пачалася праверка, адбыўся 26 лістапада 2017 года. Шасцёра непаўналетніх вучняў збеглі з ПТВ, пераскочыўшы праз плот. Кіраўніцтва вучылішча адшукала і вярнула ўцекачоў. Згодна са следствам, пасля вяртання ў ПТВ дырэктар з намеснікамі завялі дзяцей у бацькоўскі пакой і пачалі збіваць – утрох. Пасля інцыдэнту падлетак Андрэй Шупішаў трапіў у лякарню з пераломам хрыбту, астатнія пяцёра ўцекачоў атрымалі цялесныя пашкоджанні.

Як кажуць падлеткі, яны вырашылі збегчы менавіта праз дрэнныя ўмовы ўтрымання ў вучылішчы: ім не дазваляліся ані пасылкі, ані званкі, ані сустрэчы. Пацярпелыя запэўніваюць, што іх учынак дапамог вярнуць іх права на сувязь з вонкавым светам.

Глядзі таксама
Каментары