Збіў, бо думаў, што геі. Менчуку вынеслі прысуд за злачынства на глебе нянавісці


Сёння Ленінскі суд сталіцы вынес прысуд у справе збіцця рэжысёра Мікалая Купрыча. Вырак для Івана Гуляя – абмежаванне волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ў месцы пазбаўлення волі, 5 тысячаў беларускіх рублёў за маральную шкоду і 400 рублёў – на паслугі адвакату.

Паводле пацярпелага, рэжысёра і аператара дакументальнага кіно Мікалая Купрыча, яму было важна паказаць, што галоўным матывам для збіцця стала нянавісць да ЛГБТК+ супольнасці. Разам з абаронцамі – адвакатам Дзмітрыем Лепрэтарам і праваабарончай арганізацыяй «Прававая ініцыятыва» ён доўга дабіваўся, каб следчыя прынялі гамафобію Івана Гуляя да ўвагі.

Мікалай Купрыч. Аўтарка фота — Юлія Швабовіч

Пракурор падчас суда зазначыў, што злачынства было здзейснена на глебе нянавісці да ЛГБТК+ супольнасці і залічыў гэты факт як абцяжараныя абставіны. Падчас вочных ставак абвінавачваны Іван Гуляй прызнаваўся, што збіў Мікалая і ягоных сяброў, бо думаў, што яны геі.

– Мы прасілі самы мінімальны прысуд, які можна атрымаць па гэтым артыкуле – адзін месяц арышту. Мне хацелася даць яму ўрок. Няхай бы месяц пасядзеў, зразумеў бы можа, што больш так не рабіць, – тлумачыць Мікалай.

Паводле яго, збіўшы яго чалавек выходзіў з залі суда ў добрым настроі.

– Напэўна, ён яшчэ не зразумеў, што жыццё ў яго ўсё-такі зменіцца на гэтыя паўтары гады, – кажа пацярпелы рэжысёр.

Паводле юрысткі Галіны Харланавай з арганізацыі «Прававая ініцыятыва», якая дапамагала Купрычу, гэтую справу можна лічыць злачынствам на глебе нянавісці.

– Калі казаць простай мовай і апускаць нецэнзурныя цытаты, то абвінавачаны пытаў, ці з’яўляецца Мікалай геям. Не атрымаўшы дакладнага адказу, ён перапытваў, пакуль Мікалай яму не адказаў «Ну няхай я буду геям». Гэтага выразу было дастаткова, каб збіць яго, – кажа яна.

Мікалай Купрыч быў збіты ў ноч з 24 на 25 жніўня на вуліцы Кастрычніцкай у Менску. Да яго падышоў невядомы чалавек і збіў. Тады мужчына знаходзіўся разам з сябрамі, нападаўшы агрэсіўна запытаўся: «Ты пі..ар?». У выніку канфлікту Купрыч атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і пералом носу.

Ксенія Тарасевіч, фота Юлія Швабовіч belsat.eu

Стужка навінаў