Збітыя, без тэлефонаў і дакументаў. З Акрэсціна выпускаюць затрыманых


Вечарам 13 жніўня з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў пачалі выпускаць затрыманых падчас мірных пікетаў.

Ад 9 жніўня, з дня выбараў прэзідэнта ў Беларусі пачалі затрымліваць мірных пікетоўцаў, якія былі нязгодныя з падлікам галасоў. Пікеты працягнуліся 10, 11, 12, 13 жніўня. Раптам вечарам 13 жніўня з ЦІП на Акрэсціна пачалі выпускаць людзей. Валанцёры папрасілі ўсіх, хто мае машыну, пад’язджаць, каб развезці людзей. Бо затрыманыя выходзяць часта збітыя, без дакументаў, грошаў, мабільных тэлефонаў і ў абсалютнай прастрацыі.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Праз нейкі час каля ЦІП паўстаў корак з аўтамабіляў. Валанцёры нават папрасілі не ехаць больш, бо аўтамабіляў хапае.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

А 00:40 каля Акрэсціна недзе 15 чалавек, якіх выпусцілі з ізалятару. Агулам выйшла 40 хлопцаў і 20 дзяўчат. Валанцёры абгортваюць іх коўдрамі, даюць ваду і ежу. У будынак некалькі разоў заязджалі машыны хуткай дапамогі.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Кажуць, што хлопцаў больш выпускаць не будуць, а дзяўчат – хутчэй за ўсё, так.

Валанцёры дапамагаюць развезці людзей па дамах, нават у іншыя гарады. Людзі, што шукаюць сваіх блізкіх, паказваюць фота тым, хто выйшаў у надзеі, што яны бачыліся ў ізалятары.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Адна з затрыманых распавяла, што яе машыну спыніла ДАІ. Потым пад’ехала міліцыя, нібы ў іх была наводка, што ў аўта шмат піратэхнікі. Ператрэслі ўсю машыну, нічога не знайшлі, але яе ўсё адно затрымалі.

Людзі стаяць моўчкі. Кажуць, што калі звонку крычаць, то ўнутры пачынаюць збіваць затрыманых.

Людзі прыносяць да валанцёрскага пункту ваду, ежу і пледы.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Пад’ехала міліцэйская машына, з яе чалавек у форме сказаў, што да раніцы ўсіх затрыманых выпусцяць.

Пад’ехаў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, заявіў, што ніякага гвалту і здзекаў у Акрэсціна не было.

З ЦІП выязджае кіраўніцтва турмы з закрытымі маскамі тварамі.

На 01:30 выйшла каля 50 чалавек. Кажуць, што іх збівалі людзі ў масках. На спінах тых, хто выйшаў, маркерамі напісаныя лічбы.

Выйшла яшчэ 30 чалавек. Хлопцы. Валанцёры запісваюць прозвішчы, каб скласці агульныя спісы.

Яшчэ 47 чалавек на волі. У некаторых разбітыя твары, сінякі і раны.

Выйшла яшчэ 55 чалавек. На 02:08 з турмы выпусцілі 145 хлопцаў і дзяўчат.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Адну жанчыну забрала хуткая, калі тая выйшла з турмы.

МГ Belsat.eu

Стужка навінаў