Збіты на Акрэсціна Дзяніс К. сёння памёр


Збіты на Акрэсціна Дзяніс К. сёння памёр у Больніцы хуткай медычнай дапамогі. Мужчына паступіў 29 верасня з мноствам траўмаў. Пра смерць мужчыны «Белсату» распавялі ягоныя родныя.

Дзяніс К. атрымаў пераломы касцей чэрапа, шматлікія гематомы, адкрытую чэрапна-мазгавую траўму сярэдняй ступені, пераломы рэбраў, пераломы правай падуздышнай косці ды іншыя траўмы. Да апошняга моманту ён знаходзіўся ў рэанімацыі без прытомнасці.

«Учора яму зрабілі трэцюю аперацыю. Трымаўся на апараце, у цяжкім стане. Лекары ніякіх прагнозаў не давалі. Ён неканфліктны чалавек. Мы не можам зразумець, як ён трапіў на Акрэсціна. Мы не ведаем акалічнасцяў. Ён пайшоў на працу, сказаў, што будзе праз дзень. Ён працаваў на розных замовах, але афіцыйна не працаваў», – распавяла сваячка памерлага.

Дзяніс, паводле жанчыны, не выходзіў на акцыі, жыў сваім жыццём.

«Звычайна Дзяніс на некалькі дзён выязджае па працы. Мы ведалі, што яго не будзе. Але нават уявіць не маглі, што такое з ім можа быць. Нам проста патэлефанавалі з больніцы. Мы не ведаем, як і хто яго збіў. Нам у больніцы сказалі, што лекарам ён паспеў распавесці, што яго збілі міліцыянты А вось міліцыянты з сваю чаргу сказалі, што ён зваліўся з другога яруса ложка. Але канечне, з такімі траўмамі, мы разумеем, што гэта немагчыма», – кажа сваячка Дзяніса К.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Родныя Дзяніса дадаюць, што не разумеюць жорсткага абыходжання.

«Не ведаю, што тут сказаць. Калі нават яго затрымалі, то навошта збіваць? Ён не мог абражаць, ці крычаць. За што яго маглі збіваць? Хто мог яго збіваць? Міліцыянты, ці сукамернікі, мы гэтага не разумеем», – дадае сваячка Дзяніса.

Фота: «Белсат»

Брат загінулага Дзяніса К. – Павел распавёў belsat.eu, што не ведае, ці прымаў ягоны брат удзел у акцыях пратэсту і як апынаўся на Акрэсціна. Лекары толькі распавялі Паўлу, што пры паступленні працаўнікі ізалятару ім сказалі: мужчына нібыта ўпаў з другога яруса нараў.

Афіцыйны каментар

Праз тры з паловаю гадзіны пасля публікацыі «Белсата» Следчы камітэт апублікаваў каментар у справе гібелі мужчыны. У каментары гаворыцца, што мужчына быў затрыманы за мелкае хуліганства і ўтрымліваўся ў ізалятары. Следствам папярэдне ўстаноўлена, што загінулы ўпаў з другога яруса ложка і так атрымаў цялесныя пашкоджанні.



Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медычная экспертыза, канфіскавана неабходная медычная дакументацыя, апытваюцца відавочцы, – гаворыцца ў паведамленні прэсавай службы СК.

Hавiны
У шпіталь з Акрэсціна даставілі чалавека з адкрытай ЧМТ. Цяпер ён у рэанімацыі
2020.10.02 22:03

СК belsat.eu

Стужка навінаў