Збіццё, здзекі, катаванні. Як адбываў арышт адзін з «дыджэяў пераменаў»

Уладзь Сакалоўскі распавёў «Нашай ніве» пра свае 10 содняў адміністрацыйнага арышту.

Разумелі, што будуць содні

Уладзя Сакалоўскага разам з Кірылам Галанавым затрымалі 6 жніўня падчас праўладнага мітынгу ў Кіеўскім скверы, дзе яны былі дыджэямі. Хлопцы ўключылі песню Віктара Цоя «Пераменаў», якая стала сімвалам сёлетняга беларускага супраціву дыктатуры. За свой учынак яны атрымалі па 10-дзённым арышце.

Гукачы Палацу дзяцей і моладзі. Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

«Мы з Кірылам разумелі, што нас затрымаюць, але думалі, што тое будзе пазней ці на наступны дзень. Таксі не ўзялі, бо былі заторы. Па дарозе са сквера за намі адразу ішоў «работнік» з камерай, проста ішоў моўчкі. Пасля ля перахода на Веры Харужай да нас падышлі двое амапаўцаў цывільным: «Вы куды гэта збіраецеся? Ніхто вас не адпускаў!», – распавядае Улад пра абставіны затрымання.

Далей іх папрасілі прайсці ў міліцэйскую машыну, сілу не выкарыстоўвалі. Потым яны правялі прыкладна тры гадзіны ў Цэнтральным РАУСе. Потым ім далі пратаколы: нібыта хлопцы «са злым намерам планавалі зрыў мерапрыемства» і «не рэагавалі на патрабаванні спыніцца, казалі «супрацоўнік міліцыі нам не начальнік», упіраліся, размахвалі рукамі…».

На Акрэсціна пакінулі без вопраткі

Пасля РАУСа іх адвезлі на Акрэсціна. Улада адразу закінулі ў карцар, нават не выдаўшы бялізну і не адкінуўшы ад сцяны ложак.

На наступны дзень праходзіў суд праз Skype. У хлапцоў не было ілюзіяў: ведалі, што будуць содні. Пасля суда Уладзя ізноў адправілі ў карцар.

«Але хоць адчапілі ложак, далі бялізну. Праўда, пасля адбою праз паўгадзіны адчыніліся дзверы: на выхад, вобшук, забралі бялізну і пакінулі ў карцары», – распавядае ён.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года. Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Біў намеснік міністра МУС

Тое ж і самае адбылося і на наступны дзень, на трэці да яго прыйшоў нейкі начальнік. Крыкнуў: тварам да сцяны!

«Начальнік мне кажа: «Уключыў музыку? Перамен хацеў? Столькі людзей выйшла на вуліцы, столькі крыві праз вас! Ну, рыхтуйся, сядзеш гадоў на 10». Два разы ўдарыў ён мяне і выйшаў. Выходзячы, сказаў: «Чаго гэта ён тут як у санаторыі? Зрабіце, як трэба».

Потым высветлілася, што гэтым начальнікам быў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Ён прыязджаў пад Акрэсціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што ў камерах нікога не б’юць і не катуюць.

Аляксандр Барсукоў, намеснік міністра ўнутраных спраў. Фота: mvd.gov.by

Пасля візіту Барсукова ложак перасталі адкідваць, абдало халодным паветрам. Улад прыгадвае, што было вельмі халадно. 11 жніўня яго перавялі з карцара ў камеру. Але ў калідоры забралі вопратку без тлумачэння прычынаў. У выніку хлопец застаўся ў адных майтках.

У камеры сядзела чалавек 40, амаль усе былі ў крыві. Але ўжо праз хвілін 10 Уладзя адправілі ў іншую камеру. Там ён знаходзіўся да канца свайго тэрміну.

«Там людзі былі трохі ў лепшым стане. 14 жніўня прыкладна прыйшоў той жа начальнік. Мяне вывелі ў калідор, ён гаварыў з людзьмі, якія былі ў камеры, абяцаў выпускаць. І паціху людзей менела ў камеры, у выніку засталося ўвогуле шасцёра. Пасля вызвалілі і іх», – прыгадвае Уладзь.

Паказуха

Побач з Уладзем сядзеў мужчына Сяргей Мацкойць. Яго жорстка затрымалі 6 жніўня і зламалі нагу. Увесь гэты час мужчына скардзіўся на боль і патрабаваў медычнай дапамогі. Толькі 14 жніўня яму выклікалі хуткую, прычым у лякарню адпусцілі яго нават без канваіра.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ва Уладзя пачалі падкрэслена ветліва пытаць пра вопратку. Дарэчы, яе хутка знайшлі. А на наступны дзень выводзілі на прагулку, вадзілі ў душ, а за пару гадзін да выхаду нават аддалі перадачу. А 16 жніўня хлопец апынуўся на волі.

«Я выйшаў нібыта ў іншую краіну. Не разумею да канца, што адбываецца, не магу ўкласці ў галаве. І з гэтымі грашыма, якія нам сабралі, таксама пакуль не разумеем, што рабіць. Калі камусьці патрэбная дапамога, мы накіруем сродкі. Напрыклад, думаю знайсці таго Сяргея Мацкойця, перадаць пры патрэбе грошай яму», – кажа ён.

КТ belsat.eu

Hавiны