Збіццё, катаванні, каронавірус і палітычны прытулак. Хроніка 152 дзён адной сям’і

Юрась Чаранкоў – слесар Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Разам з жонкаю ён зазнаў жорсткія катаванні мазырскіх міліцыянтаў. Затрымалі сужэнцаў 11 жніўня. Сілавікі без апазнавальных знакаў збівалі падчас затрыманняў як мужчынаў, так і жанчын. Пазней супраць Юрыя распачалі крымінальную справу. Цяпер, як распавёў «Белсату» Юрый Чаранкоў, ён папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы.

Юрыя ды Алену Чаранковых 11 жніўня ў Мазыры затрымлівалі і збівалі васьмёра сілавікоў. Сужэнцы, як і тысячы беларусаў у жніўні летась абурыліся фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў і падтрымалі мірны пратэст на вуліцах сваіх гарадоў. Сілавікі ўжылі супраць людзей зброю і гвалт. Пацярпелі і Чаранковыя. Юрыя і Алену збівалі не толькі падчас затрымання, але і ў будынку Мазырскага РАУС.

«Міліцыянты надзелі на нас кайданкі і білі бязлітасна. Станавіліся на ляжачых людзей, скакалі па спінах. Ставілі ногі на галаву. Падчас збіцця я ўжо не адчуваў болю. Потым пачаліся допыты. Калі даведаліся, што я працую на НПЗ, проста ашалелі. Адзін з міліцыянтаў некалькі разоў ударыў у грудзі. Побач ляжаў чалавек ва ўласнай крыві», – распавядае Юрый.

Пасля збіцця і падпісання пратаколу Юрася Чаранкова змясцілі ў СІЗА Мазырскага РАУС. У камеру на 5 месцаў міліцыянты запіхнулі 12 асобаў. Большасць затрыманых у камеры не маглі зразумець, за што іх затрымалі і чаму катуюць.

«Нехта выйшаў з крамы, нехта – з аптэкі. Але людзей хапалі, збівалі і садзілі ў камеры. Міліцыянты пазней нават пагражалі, што расстраляюць нас», – згадвае Юрый.

Судзілі Чаранковых у памяшканні ІЧУ Мазырскага РАУС. Паводле іх, суддзя Мазырскага раёну Марына Буглак не звяртала ўвагі на фізічны стан затрыманых людзей і практычна не слухала іхных сведчанняў пра невінаватасць і катаванні. Яна прысуджала затрыманым адміністратыўны арышт паводле рапартаў міліцыянтаў.

«Мне і жонцы прысудзілі па 15 содняў адміністратыўнага арышту. Я ў апошнім слове папрасіў, каб мне далі 30 содняў, а жонку адпусцілі, але суддзя нічога не адказала на гэта. Усіх затрыманых у Мазыры не здолелі змясціць у мясцовым следчым ізалятары, таму многіх перавезлі ў калонію № 20, што за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Мазыра», – кажа мужчына.

Замест справы ў дачыненні катаў распачалі справу супраць Юрыя

Пасля арышту сужэнства падало скаргу ў Мазырскі аддзел Следчага камітэту на незаконныя дзеянні сілавікоў МУС. Але мясцовыя следчыя так і не распачалі крымінальнай справы супраць міліцыянтаў.

Затое ў дачыненні Юрыя следчыя распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады.

«Падчас збіцця ў РАУС жонка апазнала двух міліцыянтаў. Адзін з іх – участковы ў раёне гораду, дзе яна працуе настаўніцай. А іншага міліцыянта, які з яе здзекаваўся, яна ведае асабіста, бо вучыць ягоную дачку ў школе. Я напісаў у тэлеграм-чаце, што гэтыя міліцыянты – фашысты. У выніку супраць мяне завялі крымінальную справу», – кажа Юрый.

Калі следчыя распачалі крымінальную справу супраць Юрыя, мужчына захварэў на Covid-19. 4 лістапада ён адчуў сябе вельмі кепска, а на наступны дзень пайшоў на бальнічны. У гэты ж час следчы з мазырскага Следчага камітэту Кананучэнка тэлефанаваў жонцы ды ўласна Юрыю з патрабаваннем, каб мужчына зʼявіўся на допыт.

«9 лістапада мне было кепска. У гэты дзень пазваніў следчы. Ён пачаў мяне абражаць, што, маўляў, я паступаю па-свінску з ім, што не адгукаюся на ягоныя патрабаванні. Я патлумачыў, што ў мяне каронавірус, высокая тэмпература. Але ён пачаў казаць, што яму ўсё роўна, ён не баіцца гэтага, патрабаваў, каб я зʼявіўся на допыт. Я так і зрабіў. Прыехаў да яго. Пасля апытання ён раптам мне сказаў, што я змагу яшчэ цягам некалькіх бліжэйшых дзён выехаць з Беларусі, а потым буду невыязны. Таму мы з жонкай і пастанавілі зʼехаць у Польшчу ды папрасіць палітычнага прытулку», – кажа Юрый.

Юрася Чаранкова абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу – «Знявага прадстаўніка ўлады». Адказнасць паводле яго прадугледжвае грамадскія працы, штраф, арышт, да двух гадоў папраўчых працаў альбо да трох гадоў абмежавання волі.

«Паводле справы, я нібыта абразіў двух міліцыянтаў, Аскерку і Белановіча. Менавіта іх раней апазнала мая жонка падчас катаванняў у РАУС. Дарэчы, таго ж Белановіча ўжо павысілі і перавялі ў пракуратуру. Але як ён будзе выконваць свае абавязкі? Тут ён людзей збіваў, а там будзе сачыць за выкананнем законаў?» – разважае Юрый.

Палітычны прытулак у Польшчы

Асаблівага выбару Юрый не бачыў: або заставацца на волі, але ў іншай краіне, або быць зняволеным у роднай.

«Сёння мы акурат першы раз атрымалі сродкі ад польскага ўраду. Штодня нам плоцяць 20 злотых (14 беларускіх рублёў. – Заўвага belsat.eu). Але сутыкнуўся з праблемаю медычнага абслугоўвання. Забалеў зуб, а вось звяртацца мы можам толькі ў адну з польскіх фірмаў у Варшаве. Але дазваніцца да доктара так і не ўдалося», – распавядае Юрый.

Мужчына кажа, што ў Польшчы шмат дапамагаюць беларусы. Але нявызначаны статус і часовыя дакументы выклікаюць шмат абмежаванняў, нават тыя ж курсы польскай мовы недаступныя.

Юрыя дасюль не звольнілі з Мазырскага НПЗ.

«Вельмі дзіўна, але я пабачыў, што прыйшла прэмія на Новы год. Аплацілі і кварталку. Не звольнілі і жонку са школы, але прыходзяць дадому і дураць галаву суседзям, ці мы не зʼявіліся. Але ж гэта не сакрэт, усе ж ведаюць. Два месяцы не быў на працы – і не звальняюць, а хлопцы агучваюць, што сыходзяць у страйк, дык іх на наступны дзень звальняюць», – кажа мужчына.

Юрый і Алена Чаранковы спадзяюцца, што разгляд іхнай справы ў Польшчы наконт палітычнага прытулку неўзабаве завершыцца ды яны здолеюць працаваць і весці паўнавартасны лад жыцця.

Ці магчыма перагарнуць старонку?

СК belsat.eu

Hавiны