«Біў кожны па чарзе»: мянчук хацеў памагчы параненаму хлопцу, і яго самога збілі

10 жніўня каля ўніверсаму «Рыга» ў Менску была адна з самых напружаных кропак супрацьстаяння пратэстоўцаў і сілавікоў. АМАП ужыў супраць людзей гумавыя кулі, дручкі і святлошумавыя гранаты. Відавочца падзеяў Раман, які быў на месцы, распавёў, як яго жорстка збіў АМАП.

Раман прыехаў у раён вуліцы Сурганава, бо хваляваўся за сяброўку-доктара. У месцы сутычак яна была адна, як валанцёрка прыйшла дапамагаць пацярпелым.

Раман, якога збіў АМАП каля ўніверсаму «Рыга»

10 жніўня. Фота пацярпелага

На месцы Раман убачыў параненага маладзёна і падышоў памагчы падняцца з зямлі. Мужчына кажа, што быў воддаль ад пратэстоўцаў, з другога боку праз скрыжаванне ад натоўпу. Пацярпелы распавядае, што да іх падышоў ціхар і пачаў правакаваць усіх, хто там стаяў.

«Ён біў без разбору. Я захіліўся роварам. Прыехала хуткая, я хацеў дапамагчы пагрузіць параненага і ззаду атрымаў дручком па галаве».

Хлопец, якому хацеў памагчы Раман. 10 жніўня. Фота суразмоўцы

Раман упаў, амапаўцы пачалі збіваць яго – кожны па чарзе. Мянчук кажа, што медыкі хуткай рабілі ўсё вельмі павольна, таму ў яго склалася ўражанне, што брыгада працавала разам з правакатарам і АМАПам.

У выніку раны зашывала Раману сяброўка. На шчасце, чэрап маладому чалавеку не праламалі, але на лобе глыбокая рана. Сяброўка ў палявых умовах наклала яму сем швоў.

Правакатар у натоўпе каля ўніверсаму «Рыга»

10 жніўня. Твару не бачна, мужчына ў чорнай майцы з літарамі. Фота пацярпелага

«Магу сказаць, што вельмі шмат правакатараў. Сілавікоў у цывільным, якія адмыслова прыкідваюцца пратэстоўцамі, нарываюцца і злуюць праваахоўнікаў. Я намагаўся сфатаграфаваць аднаго, у майцы з літарамі, але пачалося збіццё».

У другі дзень мірнага пратэсту 10 жніўня ахвяраў гвалту сілавікоў паболела. Параненыя былі ў тым ліку і журналісты.

Два дні пратэстаў у Беларусі ў 5 стрымах. ВІДЭА

ДР belsat.eu

Hавiны