Збор подпісаў пад петыцыяй зладзілі на платформе Zvarot.by. Аўтарка – каталіцкая верніца з Гомля Алёна Германовіч – прапануе зрабіць непрацоўнымі днямі 1 і 2 лістапада.
Ад 1991 да 1996 года Дзяды – восеньскі дзень памінання памерлых продкаў – быў у Беларусі непрацоўным днём. Адмена выходнага адбылася з палітычных матываў, а ў апошнія гады нарастае рух за вяртанне гэтаму дню ранейшага статусу.
Цяпер у гэтыя дні сотні тысяч беларусаў вымушаныя браць адпачынак за ўласны кошт ці іншым спосабам знаходзіць час, каб выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, падбаць пра добраўпарадкаванне могілак.
Анлайн-петыцыя ў інтэрнэце ўжо сабрала больш за 2000 подпісаў.
«У каталіцкай традыцыі 1 лістапада – Урачыстасць усіх святых, 2 лістапада – Дзень задушны, калі памінаюць усіх памерлых. Штогод каталіцкія біскупы ў сваіх пасланнях нагадваюць вернікам (а такіх у Беларусі, па афіцыйных дадзеных, не менш за 1,4 мільёну, ці каля 15% насельніцтва, а ў Гарадзенскай вобласці – 60% насельніцтва) пра абавязак наведаць могілкі», – піша Алёна Германовіч.
Гэтую норму цяжка рэалізаваць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дню 1 ці 2 лістапада, як лічаць падпісанты петыцыі.
Таксама адзначаецца, што аналагічны праваслаўны дзень памяці продкаў – Радаўніца – афіцыйна з’яўляецца выходным. І дзяржаўныя ўрадоўцы для зручнасці грамадзянаў перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў.
Католікі ж, як і шматлікія іншыя беларусы, якія традыцыйна адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада, пазбаўленыя такой магчымасці. На думку прыхільнікаў петыцыі, гэта дае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі.
Зварот плануецца перадаць у Раду Міністраў і Адміністрацыю Прэзідэнта.
Адзначэнне Дзядоў у Беларусі набрала сілу ў канцы 1980-х гадоў, калі гэты дзень быў не толькі важным для пераследаваных атэістычным рэжымам каталіцкіх вернікаў, але і набыў сімвалічную сувязь з памяццю ахвяраў камуністычнай акупацыі.
30 кастрычніка 1988 года адбыўся першы ў найноўшай гісторыі Беларусі масавы мітынг, арганізаваны не ўладамі, а грамадскімі актывістамі – гэта было як раз мерапрыемства ў памяць ахвяр 20 стагоддзя ў Беларусі, а таксама ўсіх «хто змагаўся за свабоду Беларусі».
Улады забаранілі адзначэнне і кінулі на разгон людзей сотні міліцыянтаў і курсантаў навучальных установаў Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Быў ужываны слезацечны газ. Адбыліся першыя ў сучаснай гісторыі Беларусі сутыкненні ўдзельнікаў з міліцыяй.
З таго часу Дзяды сталі датамі правядзення разнастайных мерапрыемстваў беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў. У 1996 годзе, які быў годам найбольш масавых і вострых мітынгаў і шэсцяў патрыётаў супраць меркаванага аб’яднання Беларусі з Расеяй і аўтарытарызму ў Беларусі, выходны ў гэты дзень улады проста адмянілі.
Гэта не першая ініцыятыва аднавіць непрацоўныя дні 1 і 2 лістапада. Мінулай восенню 1 лістапада каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі, сказаў, што змагаецца за зʼяўленне ў дзяржаўным календары новых ці хаця б аднаго новага выходнага дня.
Таксама ён заклікаў адмяніць выходны дзень 7 лістапада і не адзначаць Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расеі, якую назваў экзістэнцыяльнай катастрофай.
Апошнія год 20 Каталіцкі Касцёл у Беларусі пазбягаў публічнай палемікі з дзяржавай, аднак у апошнія гады іерарх рэгулярна ўступае ў завочную дыскусію з дзяржаўнымі функцыянерамі ці звяртаецца да лідараў грамадскай думкі.
Андрэй Бабініч, belsat.eu