Збілі і «павезлі ў лес»: міліцыя жорстка затрымала мянчанку


18 жніўня людзі ў міліцэйскай форме жорстка затрымалі мянчанку Ганну К., ейную сястру і мужа сястры. Жанчына папрасіла не называць ейнае сапраўднае імя і месца працы (працуе юрыстам).

«Я прыехала да сястры, каб адзначыць гадавіну іхнага шлюбу. Каля 23:00 мы выйшлі з пад’езда і збіраліся пайсці на аўтобусны прыпынак. У гэты момант падʼехалі два міліцэйскіх аўтамабіля. Імаверна, іх выклікала суседка, бо нам некалькі разоў выключалі рубільнікі [суседцы перашкаджала гучная музыка. – Заўв. Belsat.eu]. Міліцыянты падышлі да маёй сястры. Я падышла да іх. Яны абступілі нас, як нейкіх крымінальнікаў, а пасля пасадзілі ў машыны і павезлі ў аддзяленне. Мяне сілаю запіхвалі ў машыну», – распавядае Ганна.

На выклік прыехала ажно 8 міліцыянтаў. Людзі ў форме не прадставіліся і завезлі затрыманых у невядомае аддзяленне міліцыі.

«Нас паставілі каля сцяны. Сядзець не дазвалялі. Я кажу: нам прэзідэнт усім дазваляе сядзець. Я патрабавала, каб міліцыянты прадставіліся – на мяне надзелі кайданкі, а калі я прысела, то з-пад мяне выцягнулі крэсла. Я ўпала і ўдарылася», – кажа жанчына.

У аддзяленні жанчыне так і не растлумачылі прычынаў затрымання. Замест тлумачэнняў затрыманых «выкінулі на вуліцы» у Мачулішчах і адпусцілі (без пратакола) – давялося ісці дадому пешшу па лесе. У жанчыны з сабой не было тэлефона. Дамоў яна дайшла толькі а 4-й раніцы.

«Я патэлефанавала кіраўніку Мачулішчанскага аддзялення міліцыі [Ганна К. кажа, што менавіта у гэтае аддзяленне яе прывезлі ноччу. – Заўв. Belsat.eu] і ён паабяцаў, што будзе разбірацца», – распавядае жанчына. У Мачулішчанскім аддзяленні міліцыі кажуць, што ноччу ніякай Ганны К. у іх не было.

Паводле Ганны К., візіт у міліцыю скончыўся для яе сінякамі, слядамі на запясцях ад кайданкаў і драпінай на плячы.

ЮВ, НМ, belsat.eu

Стужка навінаў