Збілі дэпутата і ягоных аднавяскоўцаў у Лебедзеве пад Маладзечнам


АМАП у Лебедзеве. Фота: «Рэгіянальная газета»

Каля 15 чалавек сёння сабраліся ў Лебедзеве пад Маладзечнам, каб занесці заяву да старшыні сельскага Савету. Аднак да сельскіх уладаў яны не дайшлі.

Затрыманне складальнікаў мірнага хадайніцтва ў Лебедзеве.
Фота: «Рэгіянальная газета»

На фота «Рэгіянальнай газеты» бачым як адбывалася затрыманне.

АМАП у Лебедзеве.
Фота: «Рэгіянальная газета»

Дэпутат Лебедзеўскага сельскага Савету Аляксандр Аляксандравіч Грымаць, некалькі іншых дэпутатаў, мясцовыя настаўнікі ды актывісты сабраліся 12 жніўня апоўдні ля крамы ў Лебедзеве, каб напісаць зварот да старшыні сельсавету Тамары Дудзіч. У звароце яны прасілі старшыню скіраваць у Маладзечанскі райвыканкам і Менскі аблвыканкам хадайніцтва аб спыненні кровапраліцця і гвалту ў Беларусі. Пра гэта «Белсату» распавёў сын Аляксандра Грымаця – Глеб.

Затрыманні пад Маладзечна 13 жніўня.
Фота: «Рэгіянальная газета»

Заяву падпісалі каля 10 мясцовых жыхароў. Ад крамы яны скіраваліся з дакументам да будынку мясцовага сельвыканкаму – гэта адлегласць каля 400 метраў. Па дарозе іх дагнаў бусік, адкуль выскачылі АМАПаўцы. Яны паклалі на зямлю людзей і некаторых пачалі збіваць дручкамі. Крычалі:

«Вы што, краіну хочаце разбурыць?»

«Гэта было вельмі страшна. АМАПаўцы вылецелі з бусіка ўсе ў чорным і без слова ці прывітання накінуліся на людзей з дручкамі ды пачалі іх збіваць, – распавяла «Белсату» журналістка «Рэгіянальнай газеты» Зоя Хруцкая. – Мы з фатографкаю пачалі ўцякаць. Мясцовыя жыхары нас пабачылі і запрасілі дадому, каб мы маглі схавацца. Вялікі ім дзякуй».

Паводле спадарыні Зоі, АМАПаўцы хапалі толькі мужчын, прычым асаблівую жорсткасць яны праяўлялі да Аляксандра Грымаця.

«Відаць, яны ведалі, нехта ім падказаў, што ён быў ініцыятарам гэтага звароту», – сказала журналістка. Сілавікі праяўлялі брутальнасць і да мясцовага актывіста Сяргея Бігеля, які запрасіў журналістаў у Лебедзева. Менавіта Грымаць і Бігель падкрэслівалі, што для іх важна зазначыць: цяперашнія падзеі ў Беларусі хвалююць не толькі Менск і гарады, але і вёскі ды мястэчкі.

Аб’ява ў Лебедзеве пра калектыўны зварот.
Фота: «Рэгіянальная газета»

Сяргей Бігель паспеў распавесці журналістцы, што аб’яву пра сход грамадзянаў у Лебедзеве здзірала са слупоў менавіта старшыня мясцовага сельскага Савету Тамара Дудзіч.

«Паглядзіце, які парадокс: грамадзяне нашай краіны неслі заяву пра спыненне гвалту, а ў выніку ўлады гэты гвалт да іх і прымянілі», – заўважыла прадстаўніца «Рэгіянальнай газеты».

https://www.instagram.com/p/CDyOS1igfkt/?utm_source=ig_web_copy_link

Сілавікі затрымалі 4 чалавекі, сярод якіх быў і былы ўчастковы, в цяпер мясцовы дэпутат Аляксандр Грымаць. Старшыня Лебедзеўскага сельсавету Тамара Дудзіч у размове з карэспандэнтам «Белсату» запэўнівала, што яна нічога не ведае пра карную акцыю, бо была на касьбе па-за Лебедзевам:

«Я не мушу нічога некаму тлумачыць, хто да мяне тэлефануе. Чаму вы не прыедзеце асабіста? Вы потым напішаце няпраўду».

Іншая прадстаўніца сельсавету, якая ўзяла слухаўку, але не назвалася, сказала, што таксама нічога не ведае,а пра навіны з Лебедзева даведваецца з прэсы.

Стала вядома, што каля 19:00 Аляксандр Грымаць быў ужо дома. Ад усялякіх каментароў ён адмовіўся. Пра лёс іншых затрыманых ён не ведае.

Зварот за які затрымалі людзей.
Фота: «Рэгіянальная газета»

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў