Зажывем па-новаму. Якія змены чакаюць беларусаў у 2019 годзе?


Вырасце камуналка (асабліва для дармаедаў), штрафы, яшчэ далей стане пенсія, а будаўнікам падымуць заробкі, каб не з’язджалі з краіны. Belsat.eu сабраў усе новаўвядзенні наступнага года.

Інфаграфіка Belsat.eu

Камуналку станем аплочваць амаль на 80%

Жыроўка для сям’і з трох чалавек, якая жыве ў стандартнай двухпакаёвай кватэры, падаражэе не больш, чым на $5 – абяцае ўрад. Тарыфы будуць павялічвацца ў два этапы. З 1 студзеня прыкладна на $ 3,9 вырастуць кошты на газ, электрычнасць, халодную ваду, каналізацыю, капітальны рамонт дому, прыборку. З 1 чэрвеня яшчэ на $1 падвысіцца кошт ацяплення і падагрэву вады. Цяпер субсідуемы тарыф складае Br 16,9259 за 1 Гкал, а будзе – Br 18,4831.

Таксама вышэйшым стане поўны тарыф (той, па якім будуць аплочваць ацяпленне і гарачую ваду «дармаеды») – з Br 81,42 вырасце да Br 88,99.

Як сцвярджаюць чыноўнікі, у 2019 годзе мы будзем аплочваць ужо 83% ад поўнай сумы за камунальныя паслугі.

Hавiны
У 2019 годзе ўзровень кампенсацыі за паслугі ЖКГ вырасце больш за 80 адсоткаў
2018.12.26 19:09

Для дамоў без газа электрычнасць стане таннейшай

З 1 студзеня тарыф на электраэнергію для ацяплення і падагрэву вады ў дамах без цэнтралізаванага газавага забеспячэння складзе Br 0,0335 за 1 кВт*ч. То бок, плаціць давядзецца ў 3 разы менш, чым зараз па начным тарыфе, і амаль у 5 разоў менш за дзённы тарыф.

«Дармаеды» будуць аплочваць гарачую ваду і ацяпленне па поўнай

Ужо з 1 студзеня беларусам, якія трапілі ў так званую базу незанятых у эканоміцы, не змаглі пацвердзіць, што працуюць, і маюць ва ўласнасці кватэру, будуць налічваць падагрэў вады па поўным тарыфе, які большы за субсідуемы ў 5 разоў.

А з 1 кастрычніка ў 100% памеры «дармаеды» таксама будуць аплочваць ацяпленне і газ у газавых калонках.

Hавiны
З 1 студзеня гарачая вада для «дармаедаў» падаражэе ў 5 разоў
2018.11.17 11:51

Базавая велічыня вырасце з Br 24,5 да Br 25,5

Гэтай велічынёй у нас вымяраюцца штрафы і некаторыя выплаты. Разам з базавай вырастуць адначасовыя грашовыя дапамогі некаторым катэгорыям грамадзянаў, стыпендыі, дапамога беспрацоўным, штрафы і інш.

ВІДЭА
З 1 студзеня павысіцца базавая велічыня. Якія аплаты вырастуць?
2018.12.28 14:57

Яшчэ менш тавараў з-за мяжы можна будзе прывезці без мыта

З 1 студзеня змяняюцца ліміты на ўвоз рэчаў з-за мяжы для асабістага карыстання. Цяпер без аплаты мыта можна будзе правезці ў Беларусь не больш за 25 кілаграмаў рэчаў на суму да 500 еўра. Гэта для тых, хто ездзіць за мяжу радзей, чым раз на тры месяцы. Для тых жа, хто вандруе часцей, ліміты застаюцца ранейшымі – максімальна 20 кілаграмаў і 300 еўра.

За перавышэнне нормаў давядзецца заплаціць 30% ад кошту тавару, але не менш за 4 еўра за кожны лішні ці даражэйшы кілаграм. Абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўласныя рэчы, якія людзі бяруць з сабой у дарогу.

Па пошце з-за мяжы можна будзе замовіць аж 31 кілаграм на 200 еўра

Вось толькі гэта сума пасылак за месяц. Разавая норма на бязмытную пасылку, як і раней – 22 еўра і 10 кілаграмаў.

Hавiны
Бязмытавы парог атрымання замежных пасылак у Беларусь істотна павялічаны
2018.12.22 10:24

З 2 студзеня Польшча не будзе выдаваць беларусам візы «на закупы»

Цяпер давядзецца выбіраць іншую мэту паездкі – турызм, гаспадарчая дзейнасць, спорт, культурная дзейнасць, паездка ў госці, лячэнне, адукацыя і г.д. Ад візы «на закупы» усе гэтыя мэты адрозніваюцца тым, што трэба будзе прадстаўляць пацверджанне месца пражывання ў Польшчы – бронь гатэля ці запрашэнне ад сяброў ці родных. Абавязкова трэба пацвярджаць плацежаздольнасць.

ВІДЭА
Стала вядома, чым Польшча заменіць візы «на закупы»
2018.12.28 12:29

Яшчэ на паўгады павялічваецца пенсійны ўзрост

З 1 студзеня 2019-га года на заслужаны адпачынак змогуць пайсці мужчыны, якія дасягнулі 61 года і 6 месяцаў і жанчыны – 56 гадоў і 6 месяцаў.

Пенсійны ўзрост працягне падвышацца на паўгады штогод да 2022 года, пакуль не складзе 63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын.

Таксама з 1 студзеня вырасце і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання поўнай працоўнай пенсіі. З новага года ён будзе складаць 17 гадоў, і таксама будзе павялічвацца да 2025 года, пакуль не дасягне 20 гадоў.

Вырасце мінімальны заробак

З 1 студзеня ён складзе Br 330. Гэта на Br 25 больш, чым зараз. «Мінімалка» у Беларусі – гэта тая сума, менш за якую працадаўца не мае права плаціць працаўніку за поўную стаўку.

Аб’ектыў
Заробак у Сенненскім ЖКГ – 70 рублёў у месяц
2018.08.23 22:44

Павялічаць заробкі будаўнікам

«Каб яны не збягалі з краіны». Менавіта так загадаў Лукашэнка. З 1 студзеня кошт чалавека-гадзіны працаўніка чацвёртага разраду падвысіцца на 35% і складзе пры выкананні пусканаладачных прац Br 7,03, а пры будаўніча-мантажных працах – Br 8,15. Такім чынам, чакаемы ўзровень заробка будаўніка 4-га разраду дасягне Br 1369,2.

Уступіць у сілу абноўлены Падаткавы кодэкс

Новая версія Падаткавага кодэкса запрацуе з 1 студзеня. Яна прадугледжвае наступныя змены: спрашчэнне адміністравання падаткаў, змяненне падыходу да налічэння пені, адмену стаўкі падатку на недабудаваную нерухомасць, адмену права мясцовых Саветаў дэпутатаў павялічваць да дзесяці разоў стаўку падатку на аб’екты нерухомасці ці зямельныя ўчасткі з абʼектамі, што не выкарыстоўваюцца ці выкарыстоўваюцца неэфектыўна.

Вырастуць пенсіі і аклады ваенным

З 1 студзеня ваенныя пенсіянеры будуць атрымліваць пенсіі, большыя прыкладна на 6%. Таксама зменяцца памеры акладаў ваеннаслужачых тэрміновай службы. У новым годзе яны будуць атрымліваць ад Br 29,25 да Br 62,79 штомесяц.

Беспрацоўныя змогуць атрымліваць бальнічныя лісты

З 31 студзеня па-новаму будуць афармляць і выдаваць бальнічныя. Гэтая змена закране, напрыклад, бацькоў у дэкрэтным адпачынку і бацькоў дзяцей-інвалідаў. Каб атрымаць бальнічны ліст, ім не трэба будзе больш пацвярджаць, што дзіця ходзіць у дзіцячы садок. Таксама атрымаць бальнічны зможа і асоба, не аформленая па даглядзе за дзіцём.

Акрамя, асобы, якія даглядаюць за дзіцём да 14 гадоў ці за дзіцём-інвалідам да 18 гадоў, пры атрыманні медыцынскай дапамогі ў стацыянары, змогуць працягнуць бальнічны на адзін дзень для даезду да месца жыхарства. Скарыстацца гэтай нормай можна будзе толькі ў тым выпадку, калі вярнуцца са шпіталя дамоў немагчыма ў дзень выпіскі.

Па новых правілах, бальнічны ліст змогуць атрымаць і беспрацоўныя. Важна – інфармацыя пра тое, што чалавек нідзе не працуе, не будзе перадавацца з паліклінікі ў базу дадзеных аб не занятых у эканоміцы.

Таксама даведкі аб часовай непрацаздольнасці будуць выдавацца асобам, якія даглядаюць за інвалідамі І групы. А ў перспектыве абяцаюць увесці электронныя бальнічныя лісты. Формы для іх ужо распрацаваныя.

Кацярына Міхальчык/belsat.eu

 

Стужка навінаў