Заяву аб падмене дакументаў суддзём Следчы камітэт расцаніў як скаргу на прысуд


Жыхарка Лагойску Надзея Сіваева працягвае змагацца супраць мясцовага суддзі са жніўня, і ейная гісторыя нагадвае прававы дэтэктыў.

Спадарыню затрымалі 10 жніўня за ўдзел у масавай акцыі, хоць яна да тае акцыі нават не дайшла: «Мы планавалі збіраць подпісы, каб падаць скаргу ў гарвыканкам на вынікі выбараў. Я рушыла да месца, дзе мы дамовіліся сустрэцца з маёй знаёмай. А потым бачу, што яна сядзіць у аўтобусе. Я падышла да аўтобуса і запытала ў чалавека ў чорным гарнітуры, куды вязуць маю знаёмую. Мне мужчына сказаў заходзіць у аўтобус, каб пра ўсё даведацца. Я і зайшла. Выявілася, што гэтак мяне затрымалі».

Надзея Сіваева. Фота з асабістага архіву

11 жніўня адбыўся суд, Надзеі далі 27 базавых. Пастанову абскардзілі, а Менскі абласны суд адмяніў пастанову мясцовага і вярнуў справу ў Лагойск на дапрацоўванне.

Пасля дапрацоўвання ў Лагойску за справу Надзеі ўзяўся старшыня суда. На першае паседжанне не прыйшлі сведкі. Іх выклікалі, але тыя адмовіліся праз эпідэмію COVID-19. Адвакат хадайнічаў, каб суд заслухаў хоць бы аднаго сведку. Суд перанеслі на тыдзень, але сведкі зноў адмовіліся прыходзіць: «Яны былі такія дзёрзкія ў РУУСе, а на суд не прыйшлі. Бо горад маленькі, мы ўсе іх ведаем».

Фота з асабістага архіву Надзеі Сіваевай
Фота з асабістага архіву Надзеі Сіваевай
Фота з асабістага архіву Надзеі Сіваевай

Адвакат Надзеі зноў прапанаваў адкласці паседжанне да таго часу, калі сведкі будуць больш вольныя, але суддзя пастанавіў выносіць прысуд без іхных паказанняў. «Ён дастаў з шуфляды справу маёй знаёмай, да якой я ішла на сустрэчу, і кажа, што Пятровіч суд пастанавіў даць 27 базавых, таму і мне столькі ж. Што гэта за доказ маёй віны?» – абураецца Надзея.

Пастанову суда адвакату Надзеі не выдалі своечасова – нібы не была гатовая. А калі яна і праваабаронца ўсё ж пабачылі паперы, то адразу пастанавілі змагацца далей: «Мы назбіралі заўвагаў на сем старонак пра тое, што ў пратаколе суда зусім не тое, што было на паседжанні. У нас ёсць аўдыязапіс паседжання. І парушэнні гэткія сур’ёзныя, што, грунтуючыся на іх, можна ўвогуле скасаваць пастанову суддзі».

«Я расцэньваю сітуацыю з тэрмінамі дакументаў як махлярства, а пратакол – як падмену дакументаў», – падкрэсліла нашая суразмоўца.

Дакументы Надзеі ў судзе выдалі пазней за належны тэрмін, таму і абскардзіць пратаколу яна не паспела: «Мы падалі заяву ў Следчы камітэт. Але там нам адказалі, што прысуд суддзі мае разгледзець абласны суд. То бок яны нам адказалі не на заяву пра падмену дакументаў, а як на скаргу на пастанову суда! Не ведаю, наколькі вялікімі літарамі трэба будзе пісаць наступны раз, што гэта не скарга, а заява аб падмене!»

Фота з асабістага архіву Надзеі Сіваевай

Суддзя пагражаў распачаць справу пра паклёп, але пасля заявы ў СК тым самым днём пагадзіўся прыняць заўвагі Надзеі. Спадарыня таксама напісала ў Калегію суддзяў, каб тыя разабраліся з гэткаю працаю калегі: «Хай яны дадуць ацэнку такой сітуацыі, калі СК не здолеў».

Цяпер Надзея чакае паседжання абласнога суда ў сваёй справе.

Марыя Грыц belsat.eu

Стужка навінаў