«Заявіў, што ў яго сувязі ў самых вярхах». У IBA Group пракаментавалі абвінавачванні з боку Сэдата Ігдэджы


Напрыканцы чэрвеня стала вядома, што нарадзінец Турэччыны Сэдата Ігдэджы напісаў у Генеральную пракуратуру заяву на патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалу. У гэтай заяве ён у тым ліку абвінавачвае Цапкалу ў атрыманні хабараў падчас забудовы Парку высокіх тэхналогіяў.

У сваёй заяве ў Генпракуратуру Сэдат піша, што Валерый Цапкала прапанаваў яму пабудаваць шэраг аб’ектаў у Парку высокіх тэхналогіяў. За гэта кіраўнік ПВТ нібыта прасіў $ 200 тысяч «адкату». Прычым, як сцвярджае Сэдат, палова гэтых грошай мусіла пайсці старшыні праўлення IBA Group Сяргею Ляўцееву, з якім Цапкала нібыта меў «адладжаныя стасункі».

Сяргей Ляўцееў. Фота – iba.by

У рамках падрыхтоўкі артыкулу пра Сэдата Ігдэджы belsat.eu на мінулым тыдні накіраваў запыт у IBA Group з просьбай пракаментаваць гэтыя абвінавачванні на адрас Сяргея Ляўцеева. Адказ ад Ляўцеева мы атрымалі толькі цяпер, публікуем яго цалкам:

«Спадар Сэдат Ігдэджы – паталагічны хлус, і гэта ўсім вядома, хто з ім сутыкаўся. На нашай першай сустрэчы ён мне заявіў, што ў яго сувязі ў самых вярхах і, калі трэба вырашыць нейкія пытанні, то магу звяртацца. Я параіў яму выкарыстаць ягоныя сувязі, калі яны ёсць, для выканання сваіх абавязкаў па будаўніцтву.

А вось праверкай гэтага турэцкага грамадзяніна сапраўды маглі б заняцца. Калі гэтыя факты сапраўды мелі месца, то гэта ж не заява, а яўка з павіннай. Прычым па палове артыкулаў КК РБ. Акрамя дачы хабараў, тут і сутэнёрства, і кантрабанда медыкаментаў».

Нагадаем, заява Сэдата стала падставай для правядзення МУС перадследчай праверкі адносна дзейнасці Валерыя Цапкалы. У сваёй заяве Сэдат не толькі вінаваціць патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта ў карупцыі, але і пераказвае чуткі медычнага і сексуальнага характару. Напрыклад, нарадзінец Турэччыны сцвярджае, што цягам двух гадоў ён рэгулярна замаўляў кіраўніку ПВТ прастытутак і купляў яму медычныя прэпараты.

Тэкст заявы «злілі» ў сеціва 29 чэрвеня праз блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

Сам Сэдат Ігдэджы мае ў бізнес-асяроддзі сумнеўную рэпутацыю – дзясяткі камерцыйных структураў вінавацяць яго ў невыкананні дагаворных абавязкаў.

Hавiны
Хто такі Сэдат Ігдэджы, які напісаў на Валерыя Цапкалу заяву ў Генпракуратуру?
2020.07.01 20:14

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў