Заява Агнешкі Рамашэўскай-Гузы ў справе далейшай працы «Белсату»


Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы выступіла з заяваю адносна далейшага функцыянавання тэлеканалу ды ў сувязі з заявамі міністра замежных справаў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага, які распавёў пра пераход каналу ў інтэрнэт, а журналістаў на TVP Polonia.


У сувязі з учорашнім інтэрвʼю міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага парталу «Wpolityce.pl» і атрыманай раней інфармацыяй заяўляю наступнае:

1. Тэлеканал «Белсат» працуе, як і раней, і будзе працягваць працу да часу, пакуль кіраўніцтва TVP не пастановіць змяніць рэжыму працы.

2. Канцэпцыя, апісаная міністрам Вашчыкоўскім у інтэрвʼю, для мяне новая і нечаканая.

3. Дасюль у TVP дыскутавалі над канцэпцыяй стварэння адзінкі «TVP Zagranica» («Замежжа»). Гэта мелася быць адзінка, што спалучала б каналы, якія транслююць асобна і якія скіраваныя на гледача за межамі Польшчы. Гэта новая структура таксама б кантралявала прадукцыю пэўнага праграмнага зместу. У склад такой адзінкі, паводле праекту, меліся ўваходзіць рэструктурызаваная і дапасаваная да розных чаканняў гледачоў у розных частках свету «TVP Polonia» ды «Белсат», які б распачаў паралельную працу над новым, дадатковым расейскамоўным каналам і адзінкаю, адказнаю за англамоўную (магчыма, нямецкамоўную) прадукцыю для будучай TV – V4 (гэтак званае «Вышэградскае Тэлебачанне»).

4. Я была ініцыятаркаю гэтага праекту і рэпрэзентоўвала яго на конкурсе на пасаду кіраўніка TVP ды ведаю, што поўнае ўвядзенне гэтак сурʼёзнага праекту было запланаванае на паўтара года і патрабавала дадатковых кансультацыяў адносна фінансавання ды ўкладання сродкаў.

5. У сувязі з тым, што канцэпцыя, пададзеная міністрам Вітальдам Вашчыкоўскім, моцна адрозніваецца ад праектаў, якія дасюль абмяркоўваліся, а таксама ад рэальных праграмных і тэхнічных умоваў, лічу абавязковым правесці сурʼёзную дыскусію на прафесійным узроўні, якая патлумачыць сітуацыю ды развяжа пытанне пра планы TVP пра трансляцыю для замежжа і супрацу ў гэтым кірунку з Міністэрствам замежных справаў Польшчы ды іншымі дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі медыямі.

Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктар тэлебачання «Белсат».

Стужка навінаў