Заяўнікам Дня Волі пагражаюць арыштам за адмову сплаціць паслугі міліцыі


Да 15 сутак арышту могуць атрымаць заяўнікі святкавання 24 сакавіка Дня Волі ў Менску за спробу аспрэчыць парушэнне з боку міліцыі дамовы аб ахове мерапрыемства ў Кіеўскім скверы. Пра гэта ў «Facebook’у» паведаміў старшыня «Руху за Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Паводле яго, днямі ён і іншыя заяўнікі акцыі – Вольга Кавалькова (БХД), Ігар Барысаў (БСДПГ) і Мікалай Казлоў (АГП) – атрымалі з УУС Цэнтральнага раёну Менску пратаколы аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння паводле ч. 2 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). За гэта ім пагражае штраф у памеры ад 510 да 1020 рублёў або адміністрацыйны арышт.

«Нам у віну ставяць адсутнасць аплаты за паслугі міліцыі па сканчэнні 10-дзённага тэрміну пасля правядзення мерапрыемства. Пры тым, што пытанне з аплатай у гэты момант мы спрабуем вырашыць у рамках грамадзянскага кодэксу, накіраваўшы ў УУС прэтэнзію на парушэнне дамовы і няякасна аказаныя паслугі», – адзначыў Юрый Губарэвіч.

Аб’ектыў
«Цешымся тым, што ёсць». Менск адсвяткаваў Дзень Волі
2019.03.24 20:51

Атрымліваецца, падкрэсліў ён, «што калі міліцыі вельмі хочацца, то грошы яна возьме любым спосабам, нават з адсоткамі».

Нагадаем, што ўдзельнікі аргкамітэту святкаванняў 101-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Кіеўскім скверы сталіцы пастанавілі адмовіцца ад аплаты паслугаў міліцыі. Ды перадалі пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы ва Упраўленне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. Таксама арганізатары святкаванняў у Кіеўскім скверы сталіцы не выключаюць, што справа можа дайсці і да суду.

Будзе абнаўленне
«Улады зацікаўленыя, каб не гучала ні слова пра палітыку». Апазіцыя падвяла вынікі #БНР101
2019.03.25 13:18

Па словах сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай, арганізатары лічаць, што міліцыя падчас акцыі не выканала абавязкі па ахове парадку.

«Віталь Рымашэўскі, Зміцер Дашкевіч былі затрыманыя на пляцоўцы людзьмі ў цывільным, без тлумачэння, хто гэтыя людзі, вывезеныя за межы пляцоўкі, і міліцыя ніяк не паспрабавала іх абараніць, а на мае звароты і звароты іншых заяўнікаў, каб яны высветлілі, пры якіх абставінах людзі зніклі са святкавання – яны не змаглі нічога патлумачыць», – заявіла яна.

Таксама, паводле яе, супрацоўнікі міліцыі на прапускных пунктах не выпускалі людзей з масавага мерапрыемства з бел-чырвона-белымі сцягамі, што таксама, на погляд заяўнікаў, парушае заканадаўства.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў