Заяўка на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» пададзеная


Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху-2019 падаў у Менскі гарвыканкам заяўку на правядзенне традыцыйнага шэсця, прымеркаванага да 33-ай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Сярод заяўнікаў – шэраг палітычных партыяў, а таксама экалагічная арганізацыя «Экадом».

«Мы падаем заяўку ў той момант, калі пры новым амбасадары РФ Бабічы адбываецца рэзкае закручванне гаек Беларусі. І мы гатовыя да таго, што «Чарнобыльскі шлях» сёлета ўладамі будзе забаронены», – распавёў «Белсату» Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасці «Разам».

«У тым выпадку, калі нам адмовяць, мы па прыкладу Берасця і Светлагорску пойдзем карміць галубоў на Кастрычніцкую плошчу», – кажа Дзмітрый Кучук з партыі «Зялёныя».

Акцыю плануюць правесці 26 красавіка па традыцыйным маршруце – збор прызначаны на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік». Самое шэсце пройдзе па вуліцы Сурганава да памятнага знаку ахвяраў Чарнобылю, дзе адбудзецца мітынг.

Апроч згадвання непасрэдна самой трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, арганізатары плануюць узняць пытанне будаўніцтва АЭС у Астраўцы і чакаюць, што людзі выкажуцца адносна апошніх падзеяў у Курапатах.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў