Завулак Каржанеўскага, 28 – небяспечны адрас для менскіх гандляроў


Падаткавікі ладзяць аперацыю «Кантрольная закупка» у адной з прыватных менскіх кватэраў: тых, хто прадае без чэка, чакаюць штрафы ад Br 30 да 40 млн.

Юля Сцяпанава паведамляе ў сваім «Фэйсбуку» пра працяг гісторыі з рэалізацыяй не распрададзенага тавару пасля таго, як Ракаўскі кірмаш не працягнуў дамову з яе мужам, прадпрымальнікам Аляксандрам Макаевым.

«Два дні таму Сашу патэлефанаваў мужчына, сказаў, што ад супольных сяброў – назваў імёны, вітанне перадаў – і сказаў, што ўжо купляў у Сашы кран калісьці», – напісала Сцяпанава. – «Замовіў кран. Папрасіў яго прывезці, бо самавывезці няма як, а кран тэрмінова патрэбны. Без усялякай задняй думкі Саша павёз. Звычайны жылы дом, кватэра на другім паверсе. Тыпу муж і жонка – кран паглядзелі, усё іх задаволіла. Саша выпісаў гарантыю, яны далі грошы».

Пасля гэтага з розных кутоў кватэры са словамі «Кантрольная закупка» пачалі высыпацца людзі з пасведчаннямі:

«Давайце пройдзем на кухню – у нас наступныя» кліенты зараз».

«Саша сказаў: «Буду стаяць тут – можа хоць аднаго чалавека ўратую ад Вас». Не далі – завялі-такі на кухню», – працягвае Сцяпанава.

На кухні ўжо сядзелі гора-прадаўцы. Бралі ўсіх – з «Анлайнера», з «Сэканд.бай», з «З рук у рукі», курʼераў з інтэрнэт-сайтаў… Нікога не хвалюе – сваё вы прадаеце або гандлюеце ўвесь час. Даказаць нічога не магчыма – ніхто з гэтай кватэры не выйшаў без пратакола».

Сярод затрыманых быў мужчына, які прадаў адзін ложак са спальнага набору – ложак канфіскавалі, мужчыну пасля суду чакае штраф у 30 – 40 млн рублёў.

Сцяпанава папярэджвае, што патэнцыйны кліент просіць прывезці тавар па адрасе завулак Каржанеўскага 28, кватэра 80, і дадае, што замаўляюць звычайна «больш і даражэй», бо тавар аўтаматычна канфіскуюць.

ДД

Стужка навінаў