Завод, які надарваўся


Паводле інфармацыі «Белсату», банкаўскія рахункі Беларускага металургічнага заводу могуць неўзабаве арыштаваць за пазыку перад «Гомельэнерга».

Праблемы Беларускага металургічнага заводу ў Жлобіне нарастаюць як снежны ком. Расплаціцца за шматмільённыя крэдыты прадпрыемству дапамагае дзяржава, а тым часам у Еўропе могуць распачаць расследаванне адносна імпарту арматуры з заводу.

Завод – нацыянальны здабытак, найбуйнейшы спажывальнік электрычнасці за мінулы год стаў самым стратным беларускім прадпрыемствам пасля Гомсельмашу. І сёлета сітуацыя не выправілася. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сёння ў заводу няма абаротных сродкаў, каб разлічвацца за сыравіну і электрычнасць. Але публічна пра гэта кажуць толькі былыя працаўнікі прадпрыемства.

«Скардзяцца працаўнікі заводу, знаёмыя з фінансавым станам, з плацяжамі – яны кажуць, што на сёння ў заводу няма грошай, каб разлічыцца за гэтую энергію. Пастаўнік – «Гомельэнерга» прымае захады, каб арыштаваць банкаўскі рахунак і потым з гэтага рахунку ажыццяўляць заборы сваіх грошай, каторыя павінен завод», – кажа экс-кіраўнік планава-эканмічнага аддзелу БМЗ Марат Афанасьеў.

Яшчэ ў верасні на БМЗ зрабілі паказальны запуск новай вытворчай лініі. Аляксандр Лукашэнка асабіста ціснуў кнопку і абяцаў вялікія прыбыткі. Вось-вось, ну зусім хутка:

«Заўтра-паслязаўтра мы ўвесь паўфабрыкат можам перапрацаваць тут у гатовы прадукт і паставіць частку – тры чвэрці – на экспарт, атрымаўшы валюту».

Светлае заўтра настала, і аказалася чорным. Праз некалькі тыдняў пасля гістарычнага націскання чырвонай кнопкі спынілася частка сталеплавільнай вытворчасці – там цяпер працуе толькі 1-2 печкі, і вытворчасць трубаў. На іх няма абяцанага попыту. Усю праграму інвестыцыі ў завод правялі некампетэнтныя людзі, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы, лічыць Марат Афанасьеў:

«Рашэнні, якія прынялі на найвышэйшым узроўні: трубная вытворчасць, пашырэнне сталеплавільнай вытворчасці ні да чаго добрага не прывялі. Яны толькі пагоршылі эканамічны стан заводу».

Кіраўніцтва заводу, аднак, трымае стан справаў за дымавой завесай, ахова заводу ўсяляк перашкаджае размовам з працаўнікамі.

БМЗ, чые акцыі належаць дзяржаве, усё ж атрымаў фінансавую дапамогу. Але не жывымі грашыма, а каштоўнымі паперамі на 240 мільёнаў долараў. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, заводу дазволілі выпуск валютных аблігацыяў у заклад за ягоную нерухомасць.

«У шэрагу выпадкаў буйныя беларускія прадпрымальнікі гатовыя купляць такія паперы ў разліку на тое, што прадпрыемства будзе завальвацца і потым яны змогуць яго выкупіць або прадставіць фінансавыя прэтэнзіі па прыватызацыі», – падкрэслівае эканаміст Леанід Заіка.

Іншымі словамі, калі ініцыяваная Аляксандрам Лукашэнкам мадэрнізацыя заводу працягне павялічваць ягоную стратнасць, то багатыя сябры Лукашэнкі змогуць атрымаць немалую долю БМЗ. З усім гатовым.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Стужка навінаў