Заўтра ў Маладзечне пройдзе «Астравецкі шлях» супраць БелАЭС. Улады акцыю забаранілі


«Чарнобыльскі шлях – 2018» у Менку

На акцыю супраць будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі заўтра, 26 ліпеня, выйдуць актывісты ў Маладзечне. Заяўнікі звярнуліся ў раённы выканкам з просьбай дазволіць вулічныя выступы і шэсце па цэнтры гораду, аднак мясцовыя ўлады адмовілі, спасылаючыся на «Закон аб масавых мерапрыемствах».

Што канкрэтна парушае «Астравецкі шлях» – чыноўнікі не тлумачаць. Нягледзячы на гэта, арганізатары не пакідаць намеру правесці акцыю. Як распавёў belsat.eu каардынатар «Астравецкага шляху» па Маладзечне Зміцер Кучук, колькасць удзельнікаў прагназаваць складана. Але, паводле яго слоў, «маладзечанскія актывісты будуць дакладна».

«Збіраемся а 18:00 на пляцоўцы ля кінатэатру »Радзіма«, прагучаць выступы, потым пройдземся па пешаходнай вуліцы Прытыцкага, а пасля распачнем збор подпісаў супраць будаўніцтва БелАЭС», – сказаў ён.

Папярэднія акцыі «Астравецкі шлях» прайшлі 26 чэрвеня ў Радашковічах і 26 траўня ў Заслаўі. Тады яны збіралі каля двух дзясяткаў удзельнікаў.

Акцыю «Астравецкі шлях» анансавалі падчас Чарнобыльскага шляху ў Менску ў красавіку гэтага году. Паводле задумы арганізатараў, штомесяц актывісты будуць выязджаць у розныя гарады Беларусі. Прадугледжваюцца розныя актыўнасці – ад вулічных шэсцяў пры ўмове дазволу з боку мясцовых уладаў да асветніцкіх круглых сталоў па тэматыцы небяспекі ядравай энергетыкі.

Запуск 1-га энергаблоку БелАЭС запланаваны ўжо на наступны год, а цалкам яе ўвядуць у эксплуатацыю ў 2020-м. Гэты сумесны расейска-беларускі праект неаднаразова выклікаў негатыўныя ацэнкі ў Еўразвязе праз сваю патэнцыйную экалагічную небяспеку. Асабліва занепакоеныя сітуацыяй бліжэйшыя заходнія суседзі Беларусі – Літва і Польшча.

Падчас будаўніцтва станцыі здараліся інцыдэнты. Раней было афіцыйна прызнана 10 няшчасных выпадкаў, тры з якіх скончыліся смерцю рабочых. Паводле намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка, такія лічбы з’яўляюцца «прымальнымі».

Каця Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары