У бліжэйшую пятніцу можна будзе бясплатна звярнуцца да адваката


Беларускія юрысты ладзяць акцыю з думкай пра маламаёмных.

Беларускія адвакаты 1 снежня правядуць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для маламаёмных. Прававая акцыя пройдзе ўва ўсіх адвакацкіх кабінетах, калегіях адвакатаў, юркансультацыях і адвакацкіх бюро.

Падобныя мерапрыемствы ладзяцца ў Беларусі рэгулярна. Сёлета адвакаты давалі бясплатныя кансультацыі 15 сакавіка (з нагоды Дня Канстытуцыі Беларусі), 26 чэрвеня (з нагоды Дня ўтварэння адвакатуры рэспублікі) і 29 верасня (з нагоды Дня пажылых людзей).

Таксама адвакаты праводзяць тэматычныя кансультацыі. Напрыклад, 1 сакавіка 2017 года можна было бясплатна атрымаць адказы на пытанні пра Дэкрэт №3.

Прэс-сакратар Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Ірына Рэут паведаміла агенцтву «БЕЛТА», што акцыя ў пятніцу прымеркаваная да Дня юрыста.

Сваё прафесійнае свята беларускія юрысты адзначаюць у першую нядзелю снежня.

Падчас такіх акцыяў людзей збольшага цікавяць пытанні, звязаныя з вылічэннем стажу пры выхадзе на пенсію, працаўладкаваннем, сацыяльным падтрыманнем і спадчынай.

ДД

Стужка навінаў