Затрыманыя СК журналісты Павел Быкоўскі і Аляксей Жукаў застануцца ў ізалятары на 3 содняў


Журналіст Deutsche Welle Павел Быкоўскі, да якога раніцай 8 жніўня прыйшлі з ператрусам, правядзе наступныя 3 дні ў ЦІП на Акрэсціна.

Пра гэта стала вядома калегам, у прыватнасці, журналісту «Еўрарадыё» Змітру Лукашуку.

Таксама ў ізалятар на 3 содняў змешчаны рэдактар сайту выдання «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Да яго сёння прыходзілі з ператрусам. Спачатку затрымалі і ягоную жонку Арыну Сёмачкіну, але потым яе адпусцілі.

Жонка Быкоўскага, Вольга, на свабодзе.

Нагадаем, цяпер у ізалятары на Акрэсціна знаходзяцца як мінімум 4 журналісткі, затрыманыя напярэдадні ў межах «справы БелТА».

Ключавыя моманты «справы БелТА» па стане на вечар 8 жніўня:

  • 7 жніўня затрыманыя 10 журналістаў і рэдактароў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Людміла Чэкіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак, Яўгенія Беразюк. Палову з іх адпусцілі ўвечары;
  • Затрыманымі застаюцца Тацяна Каравянкова з БелаПАН, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік з TUT.BY, як мінімум трое з іх на Акрэсціна;
  • Раніцай 8 жніўня стала вядома, што сёння затрыманых не дапытаюць. Допыт перанесены на заўтра. Адвакатаў да іх не пускаюць – навязваюць дзяржаўных абаронцаў;
  • 8 жніўня СК затрыманыя 4 працаўнікі парталу Realt.by — журналіст Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская і галоўны рэдактар Уладзіслаў Кулецкі, а таксама рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў і палітычны аглядальнік Павел Быкоўскі;
  • Быкоўскаму і Жукаву далі статус падазраваных, яны застаюцца ў ЦІП на Акрэсціна на 3 дні;
  • СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 349 КК, журналістаў падазраюць у «незаконным доступе» да платнай падпіскі БелТА;
  • БАЖ і праваабаронцы асудзілі пераслед журналістаў і зклікалі неадкладна ўсіх вызваліць;
  • МЗС Беларусі не бачыць у гэтай справе палітычнага складніку;
  • Еўразвяз выказаў заклапочанасць з нагоды арыштаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў