Затрыманыя медыкі, страйкі студэнтаў і Лукашэнка «напрыканцы прэзідэнцкага жыцця». У краіне 80-ты дзень пратэстаў


Раніцай 27 кастрычніка жыхары Менску зноў сталі ў ланцугі салідарнасці. «Белнафтахім» абвяргае інфармацыю пра страйк на «Горадня Азоце». З РАУС выпусцілі зорку фільма «Купала» Алену Гіранок. «Белсат» сочыць за тым, што адбываецца ў краіне.

20:30

Супраць журналіста Алеся Пілецкага спынілі адміністрацыйную справу.

Справу за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» супраць Алеся Пілецкага завялі 5 верасня. Журналіст «Радыё Свабода» працаваў на Жаночым маршы.

19:30

«Са мной прайшла своеасаблівая трансфармацыя пасля 9-10 жніўня, падобная трансфармацыя адбылася са шматлікімі медыцынскімі работнікамі».

Вядомы беларускі кардыёлаг, акадэмік, доктар медыцынскіх навук і былы дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак пракаментаваў сённяшняе затрыманне лекараў у Менску.

18:50 Горадня. Доктара гістарычных навук прафесара і вядоўцу «Белсату» Алеся Краўцэвіча сёння не судзілі і пакінулі за кратамі.

Жонцы, калегам і сябрам, што прыйшлі падтрымаць прафесара не давалі ў судах і ІЧУ дакладнай інфармацыі наконт часу і месца суда над Краўцэвічам. У выніку пасля абеду прадстаўнік кастрычніцкага РАУСу Горадні запэўніў, што прафесара асудзяць сёння, аднак суд так і не адбыўся.

З РАУСу ў Горадні сёння выйшла каля 20 чалавек, якіх асудзілі паводле арт. 23.34 КаАП РБ.

Ганну Сушчынскую і Ганну Карась выпусцілі з Бараўлянскага аддзелу міліцыі.

Затрыманых анестэзіёлагаў Ганну Сушчынскую і Ганну Карась Менскага абласнога шпіталя вызвалілі з РАУС. На медыкаў склалі пратакол.

18:30 Віталь Шкляраў, палітвязень і грамадзянін ЗША з’ехаў з Беларусі.

Раней пра ягоны лёс кіраўнік Дзярждэпу ЗША Майк Пампэа размаўляў па тэлефоне з Лукашэнкам.

17:50 Ва ўсе ўніверсітэты пачалі паступаць паперы са спісамі на адлічэнне студэнтаў, якія прымалі ўдзел у акцыях. Так рэктар БДАМ адлічыў 3 студэнтаў за ўдзел у акцыях пратэсту. Гэта адбылося яшчэ ўчора. Яшчэ двум вынес вымову, паведамляе ў сваім Facebook Ігар Кулікоў.

Доктаркі-анэстэзіёлагі, якіх схапілі невядомаыя, знайшліся. Цяпер яны ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі.

16:55 Невядомыя выкралі двух анэстэзіёлагаў Менскай абласной больніцы Ганну Сушчынскую і Ганну Карась, паведамляе тэлеграм-канал Белые халаты. Дактары выйшлі пасля працы падтрымаць калегаў з РНПЦ «Кардыялогія». Іх забралі проста каля шпіталя.

Пасля 24 гадзінаў арышту на волю выйшаў Эдуард Акулін.

Беларускага паэта, барда, галоўнага рэдактара часопіса «Верасень» затрымалі ўчора і адвезлі ў Жодзінскае СІЗА. Але сёння яго вызвалілі, паколькі справу адправілі на дапрацаванне.

16:40 Горадня. Пасля судоў выпускаюць людзей затрыманых на акцыі ў нядзелю. Многія пацвярджаюць, што былі сведкамі збіцця затрыманых у аўтазаках.

Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту.

У дакуменце Літва асуджаецца рашэнне беларускіх ведамстваў пачаць вытворчасць на БелАЭС, якую ў Вільні лічыць небяспечнай.

16:30 Сёння працягваюць не працаваць некаторыя прыватныя ўстановы.

15:30 Настаўніцу Марыну Глазаву пакінулі ў берасцейскім СІЗА.

25-гадовую настаўніцу замежных моваў Марыну Глазаву падазраюць у «арганізацыі групавых дзеянняў груба парушаючых грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 УК РБ) і трымаюць у берасцейскім СІЗА №7. Сёння Берасцейскі абласны суд адмовіў у скарзе адваката Марыны на змену меры ўтрымання. Справа тычыцца падзеяў, якія адбыліся падчас акцыі пратэсту ў Берасці 13 верасня, на перакрыжаванні бульвараў і праспекта Машэрава.

У Гомлі ціснуць на прадпрымальнікаў, якія далучыліся да страйку.

Прадпрымальнікам тэлефануюць і выклікаюць на размовы ва ўпраўленне гандлю, пагражаюць шматлікімі правяраннямі. У размовах чыноўнікі кажуць, што бізнесоўцы расколваюць грамадства і патрабуюць адказу на якой падставе не працуюць аб’екты ІП.

Сузаснавальніку «KYKY» Аляксандру Васілевічу працягнулі ўтрыманне пад вартай на месяц. Пра гэта распавяла жонка палітвязня Надзя Зелянкова.

14:50. Горадня. Рэжысёраў Гарадзенскага драмтэатру, Генадзя Мушпэрта і Сяргея Курыленку, звольнілі ўсё ж паводле артыкулу за невыкананне працоўных абавязкаў. Абодва рэжысёры пенсійнага ўзросту. Паводле «Свабоды», галоўны рэжысёр Мушпэрт тут працаваў 26 гадоў (усяго ў тэатры 48), Курыленка – 40 гадоў. Раней рэжысёры абвесцілі, што далучаюцца да страйку.

Загад аб звальненні ім ужо падпісалі, але працоўныя кніжкі яшчэ не выдалі. Дырэктар Ігар Гедзіч прапанаваў ім звольніцца па ўласным жаданні, але рэжысёры адмовіліся.

14:30. Лукашэнка ўпершыню сказаў пра тое, што знаходзіцца напрыканцы прэзідэнцкага жыцця. Ён клянецца, што змены ў Канстытуцыю будуць унесены такія, якія вырашыць народ. З яго выступаў вынікае аднак, што народ – гэты тыя, хто не пратэстуе супраць яго.

13.50. Да страйку далучыліся рэжысёры гарадзенскага тэатру Генадзь Мушпэрт і Сяргей Курыленка. Больш рэжысёраў у тэатры няма. Яны адмовіліся пісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні, але яны адмовіліся. Магчыма, іх звольняць паводле артыкулу. У тэатры адмянілі рэпетыцыі і спектаклі.

Супрацоўнікі галоўнага офісу МТС зноў выйшлі на акцыю салідарнасці. У адрозненні ад супрацоўнікаў А1, кіраўніцтва якіх выказалася за свабоду меркаванняў, дырэктар МТС абяцаў разабрацца са сваімі пратэстоўцамі.

Супрацоўнікі А1 сёння таксама выходзілі на ланцуг салідарнасці.

Калектыў А1 выйшаў на акцыю салідарнасці з бастуючымі “Горадня Азот”.
Фота: “Наша Ніва”.

У двары БДУ з боку юрфака зноў сабраліся студэнты-пратэстоўцы. Студэнты сёння пратэстуюць у розных установах – БДУІРе, БДАМе, , ГарДУ , БДМУ і іншых.

МДЛУ афіцыйна абвесціў пра страйк.

«У сувязі з заклікамі да забастовак» Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адлічваць студэнтаў-пратэстоўцаў і звальняць выкладчыкаў, медыкаў, настаўнікаў, рабочых, што страйкуюць. Ён лічыць бессэнсоўным угаворваць іх: «Мы ў лепшым выпадку загонім іх пад плінтус, з-пад якога яны зноў пасля вылезуць».



Работнікаў ААТ «Гарадзенскі навукова-даследчы і праектны інстытут азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу», якія ўчора выйшлі на акцыю салідарнасці са страйкоўцамі, начальства пасадзіла ў бусы арганізацыі і адвезла ў МУС. Галоўны інжынер Хмылоў Максім Генадзевіч па спісе заводзіў работнікаў у бус у суправаджэнні міліцыі.

13.00 Супрацоўнікі «Інтэгралу» паведамляюць пра звальненні страйкоўцаў. 26 кастрычніка на прадпрыемстве страйкавалі каля дзясятка супрацоўнікаў. «Учора вышлі на тэрыторыі заводу крыху больш за 10 чалавек. Ахова прадпрыемства ўсіх перапісала. Сёння раніцай былі заблакаваныя пропускі ў іх. Некаторыя атрымалі вымову. Ва ўнутраным чаце «Інтэгралу» зʼявілася інфармацыя пра звальненне дваіх чалавек. Сёння страйкаў у нас больш няма», – сказала «Свабодзе» супрацоўніца прадпрыемства.

Працаўнікоў Горацкіх ачышчальных збудаванняў, якія падпісалі зварот супраць гвалту, беззаконня і фальсіфікацыі выбараў, выклікаюць да кіраўніцтва. Гэты зварот трэба паслухаць.



У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва рыхтуюць загады на адлічэнні студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, у тым ліку і тых, хто быў затрыманы 26 кастрычніка. Колькі чалавек збіраюцца адлічыць, невядома.

12:10 Працягваюцца студэнцкія акцыі салідарнасці. Пратэстуюць студэнты мехмата БДУ, у корпусе «Д» Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту пачаўся марш. Вялікая група студэнтаў на чале з выкладчыкамі абыходзяць аўдыторыі.

35 супрацоўнікаў БДУІР абвясцілі бестэрміновую забастоўку. «Нехта не прымае працы і проста размаўляе на занятках на агульныя тэмы. Іншы выдае заданне і сядзіць моўчкі. Іншы наагул не прыходзіць на заняткі», – паведамляе «Еўрарадыё».

А студэнты Акадэміі мастацтва мітынгуюць перад уваходам.

З міліцыі адпусцілі медыкаў РНПЦ «Кардыялёгіі».

Калегі і блізкія сустракаюць затрыманых медыкаў РНПЦ «Кардыялёгія» з РУУС.
Фота: Belsat.eu

Ім выпісваюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Па апошніх дадзеных, затрыманых было адзінаццаць чалавек.



Іх калегі з розных лякарняў выходзяць на ланцугі салідарнасці.

11:00. Сёння раніцай, 27 кастрычніка, у ланцугу салідарнасці на праспекце Дзяржынскага ў Менску затрымалі сем медыкаў РНПЦ «Кардыялогія», якія выйшлі на праспект Дзяржынскага. Як паведамляе TUT.BY, у акцыі прымалі ўдзел 20-25 чалавек. Калі пад’ехалі мікрааўтобусы, частка схаваліся ў пераходзе, а сем медыкаў былі затрыманыя. Сярод апошніх – загадчык рэнтгенаперацыённай РНПЦ «Кардыялогія» Алег Паланецкі. Паводле яго калегаў, гэта ўнікальны лекар, «залатыя рукі».

Сярод затрыманых таксама кардыяхірург, анэстэзіёлагі-рэаніматолагі ды іншыя спецыялісты, без якіх праца аддзялення рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі паралізаваная.

Супрацоўнікі РНПЦ траўматалогіі і артапедыі выказваюць салідарнасць з пратэстоўцамі раніцай 27 кастрычніка. На плакатах назвы заводаў. Фота даслана чытачамі «Белсат».

Медыкі з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі ў Менску з самай раніцы таксама стаялі ў ланцугу салідарнасці. Але там абышлося без затрыманняў.



Актрыса Алена Гіранок была затрыманая ўвечары 26 кастрычніка на акцыі пратэсту ў Менску. Ноч яна правяла ў Маскоўскім РУУСе. Алена Гіранок працуе у Тэатры-студыі кінаакцёра. Знялася ў галоўнай ролі нашумелага фільма «Купала», які пакуль так і не выйшаў на экраны.

Канцэрн «Белнафтахім» абвяргае страйк на «Гародня Азоце». Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, усе тэхналагічныя працэсы ў норме, заявіў сёння прэс-сакратар «Белнафтахіму» Аляксандр Цішчанка. А інфармацыя ў Telegram-каналах аб прыпынку печаў на прадпрыемстве, паводле яго, – правакацыя. Як паведамляе «Радыё Свабода», на «Горадня Азоце» страйкоўцаў пачалі выклікаць паасобку на «гутаркі» з кіраўніцтвам. На сустрэчы прысутнічалі староннія людзі, якія пагражалі крымінальнай адказнасцю за страйк. Азотаўцам прапануюць пісаць заявы на звальненне па ўласным жаданні, аднак яны адмаўляюцца.

АА Belsat.eu

Стужка навінаў