Затрыманым украінскім вайскоўцам выставілі абвінавачанне


Вайскоўцам ВМС Украіны і працаўнікам Службы бяспекі Украіны інкрымінуюць незаконнае мінанне расейскай мяжы.

«Абвінавачванне ім прад’явілі адразу пасля арышту. Усе яны абвінавачваюцца паводле ч. 3 арт. 322 КК РФ («Незаконнае мінанне мяжы РФ». Я яшчэ не бачыўся са сваім кліентам і не ведаю, ці перадавалі дакументы ў Маскву і хто займаецца расследаваннем)», – заявіў адвакат арыштаванага Дзяніса Грыцэнка.

24 грамадзяніна Украіны арыштаваныя да 25 студзеня. Іх даставілі з Сімферопаля ў СІЗА Масквы.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў інтэрвʼю France 24 адзначыў, што ўвесь свет патрабуе ад Расеі вызваліць маракоў.

«На жаль, дагэтуль Пуцін не адказаў на мой запыт наўпроставай тэлефоннай размовы ў любым фармаце… Яны (маракі – Заўвага belsat.eu) не злачынцы, як хоча паказаць Пуцін. Яны ваеннапалонныя і пад юрысдыкцыяй Жэнеўскай канвенцыі. Расея груба парушыла міжнароднае права не толькі атакай на ўкраінскіх вайскоўцаў, не толькі закрыццём Керчанскай пратокі, спрабуючы заблакаваць Азоўскае мора, што дэ-факта зʼяўляецца спробай акупацыі Азова», – распавёў Парашэнка журналістам.

Паводле ўкраінскага лідара, санкцыі маюць змусіць Пуціна сесці за стол перамоваў.

25 лістапада тры караблі ваенна-марскога флоту Украіны рабілі пераход з Адэсы ў Марыупаль. Каб дасягнуць Марыупалю група ВМС Украіны мусіла прайсці праз Керчанскую пратоку і ўвайсці ў Азоўскае мора. Расейскі бок абвінаваціў украінскія караблі ў парушэнні дзяржаўнай мяжы. Расейцы пераследавалі ўкраінцаў у нейтральных водах, патрабавалі спыніцца і ў выніку адкрылі агонь на паражэнне. Ад 3 да 6 украінскіх маракоў атрымалі раненні, 24 чалавекі захапілі ў палон.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў