Затрыманым стаяць 5 гадзін каля сцяны з ўзнятымі рукамі - «Гэта даволі гуманнае стаўленне»


8 лістапада ў двары Савецкага РУУС у Менску некалькі гадзін трымалі затрыманых на акцыі пратэсту на холадзе з узнятымі рукамі тварам да сцяны. TUT.BY разабраўся, наколькі такое стаўленне адпавядае закону.

Фота Еўрарадыё ў Беларусі

Праваабаронцы называюць гэта «абуральным беззаконнем». Аднак у самім РУУС лічаць, што нічога не парушылі і стаўленне да затрыманых было «даволі гуманным, перавышэння службовых паўнамоцтваў не было».

Згодна з Законам «Аб органах унутраных спраў», законнасць, павага і захаванне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама гуманізм з’яўляюцца аднымі з асноўных прынцыпаў дзейнасці міліцыі.

Згодна з ПВКаАП, фізічная асоба, у дачыненні да якой ужыта адміністрацыйнае затрыманне, тэрмін якога доўжыцца больш за тры гадзіны, павінна ўтрымлівацца ў месцах, вызначаным органамі, якія вядуць адміністрацыйны працэс.

Месцы вызначаны «Правіламі ўтрымання фізасобы, у дачыненні да якой ужыта адміністрацыйнае затрыманне»: гэта спецыяльна прызначаныя памяшканні органаў унутраных спраў, у тым ліку пакоі для затрыманых асоб аператыўна-дзяжурных службаў, камеры ізалятараў часовага ўтрымання, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў органаў унутраных спраў, спецыяльна абсталяваныя памяшкання і камеры ізалятараў часовага ўтрымання органаў памежнай службы, памяшканні органаў дзяржаўнай бяспекі. Спіс вычарпальны, і ўнутранага двара РУУС у ім няма.

 

Які закон забараняе так утрымліваць затрыманых?

На асабістым прыёме намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Савецкага РУУС Сяргей Драздоў пракаментаваў сітуацыю:

«А які закон забараняе так утрымліваць затрыманых? – Пытаннем на пытанне адказаў Сяргей Віктаравіч. – Нічога такога я не бачу, закон не парушаны, да іх было даволі гуманнае стаўленне. Гэта людзі, якіх затрымалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пратаколы былі складзеныя на працягу трох гадзін з моманту затрымання.

Гэта наша права іх так трымаць, у тым ліку ў мэтах бяспекі асабістага складу і з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі».

Драздоў таксама ўдакладніў, што развесці людзей хутчэй па ізалятарах не маглі: занадта шмат было затрыманых. Спаслацца на закон, які дазваляе такое стаўленне да адміністрацыйна затрыманым, Сяргей Віктаравіч не змог. На рэпліку, што такое стаўленне да адной з затрыманых у Цэнтральным РУУС стала прадметам разгляду ў Камітэце супраць катаванняў ААН, сказаў, што «гэта іх меркаванне, мы не перавысілі ніякіх паўнамоцтваў».

Беларускім крымінальным заканадаўствам катаванні аднесены да злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва (арт. 128 КК) – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем. Гэта злачынства без тэрміну даўнасці.

TUT.BY адзначае, што практыка ўтрымліваць так затрыманых не новая, пра такія факты паведамлялася яшчэ ў 2017 годзе – у Цэнтральным, Маскоўскім РУУС Менску. У гэтым годзе сітуацыя толькі пагоршылася. У жніўні 2020 го людзей не проста трымалі з паднятымі рукамі на сцяне, а на зямлі, прычым у некаторых выпадках – усю ноч. Праваабаронцы расцэньваюць гэта як катаванні.

Стужка навінаў