Затрыманых журналістак «Белсату» і TUT.BY прызналі палітвязнямі


Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Кацярына Барысевіч. Калаж: spring96.org

Беларускія праваабаронцы прызналі сёння палітвязнямі 11 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сярод новых палітвязняў – журналісткі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова. Яны сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску 15 лістапада.

Hавiны
Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву этапавалі ў жодзінскую турму
2020.11.23 17:39

Таксама палітвязнем прызнаная журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч, якую затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК ). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасці ў крыві Рамана алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.

«Пераслед журналістак з боку беларускіх уладаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – свабоды выказвання свайго, свабоды слова і права на інфармацыю», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Апроч таго, палітвязнямі прызнаныя Сяргей Крыўчэня, Арцём Мядзведскі, Яўген Курганаў, Дзмітрый Жабуртовіч, якім выставілі абвінавачванні паводле артыкулу 293 КК («Масавыя беспарадкі»), і Мікалай Дзядок, Аляксей Самусенка, Кім Самусенка, Павел Дрозд, якіх вінавацяць паводле арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Hавiны
Пад Асіповічамі затрымалі ды збілі анархіста Дзядка. Яго тэлеграм-канал захапілі
2020.11.12 18:12

Праваабаронцы падкрэсліваюць свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта.

У заяве падкрэсліваецца, што сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы, але супраць іх сілавыя ведамствы непрапарцыйна ўжылі фізічную сілу, спецсродкі ды зброю.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

На гэты момант у Беларусі прызнаныя палітвязнямі 143 чалавекі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў