Затрыманых у Менску расейскіх журналістаў адпусцілі, іх матэрыялы правераць на экстрэмізм


Расейскіх журналістаў Паўла Нікуліна і Яна Патарскага міліцыянты вызвалілі без складання пратаколаў праз тры гадзіны. У Савецкі РУУС прыехалі адвакаты, якіх затрыманым дапамагла знайсці Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Аднак міліцыя забрала прэзентацыйныя матэрыялы журналістаў, каб праверыць на наяўнасць экстрэмісцкага зместу, піша BAJ.BY.

У Менску ў Прэс-клубе Беларусь павінна была адбыцца адкрытая лекцыя аб рабоце small media. У якасці спікераў былі запрошаныя аўтары расейскага альманаха moloko plus.

Аднак у памяшканне Прэс-клубу прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі каардынатараў праекта moloko plus Паўла Нікуліна і Яна Патарскага. Прычыну затрымання супрацоўнікі міліцыі працаўніком Прэс-клубу называць адмовіліся.

Moloko plus – некамерцыйны альманах, прысвечаны праблемам гвалту. Са словаў рэдакцыі, над ім працуюць прафесійныя журналісткі і журналісты, якія стаміліся ад цэнзуры ў расейскіх федэральных медыях.

На лекцыі ў Менску рэдакцыя планавала распавесці, як сабраць грошы на ўласны праект, арганізаваць працу ў гарызантальнай рэдакцыі і справіцца з юрыдычнымі, этычнымі і эканамічнымі праблемамі, а таксама пра тое, чаму рабіць small media – класна.

Hавiны
Міліцыянты сарвалі мерапрыемства ў Press Club Belarus і затрымалі расейскіх журналістаў
2019.03.16 16:33

СК, belsat.eu

Стужка навінаў