Затрыманых актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў прызналі палітвязнямі


Алана Гебрэмарыям.
Фота: Belsat.eu

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай з нагоды затрымання прадстаўнікоў Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС).

У звароце адзначаецца, што 12 лістапада рэпрэсіўныя органы затрымалі лідараў і актывістаў ЗБС, у кватэрах сябраў аб’яднання ды ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы.

Сярод тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі: Ксенія Сырамалот, Алана Гебрэмарыям, Ягор Канецкі, Яна Арабейка і Кася Будзько. Алана Гебрэмарыям, актывістка ЗБС і сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, прадстаўніца экс-кандыдаткі на пасаду прэзідэнта краіны Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў, прызнаная падазраванай у крымінальнай справе і знаходзіцца ў турме КДБ.

Hавiны
Сілавікі пачалі рэйд па ўніверсітэцкіх актывістах. Затрымліваюць студэнтаў і выкладчыкаў
2020.11.12 15:23

«Вылучанае ў якасці падставы для затрымання і следчых дзеянняў у дачыненні да сябраў ЗБС падазрэнне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») з’яўляецца відавочна беспадстаўным і ставіць гэтую справу ў адзін шэраг з сотнямі палітычна матываваных крымінальных спраў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанентаў дзеючага аўтарытарнага рэжыму», – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў 2020 годзе «беларускае грамадства абудзілася – і рэжым адказаў на гэтае абуджэнне рэпрэсіямі».

«Адмысловыя і жорсткія рэпрэсіі скіраваныя рэжымам супраць тых арганізацый, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, вядуць праваабарончую дзейнасць, аказваюць дапамогу вязням і ахвярам рэпрэсіяў. Беларуская студэнцкая моладзь бярэ чынны ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і зʼяўляецца адным з рухавікоў забастовачнага руху, які разгортваецца цяпер у Беларусі ў знак пратэстаў супраць гвалту і сістэмнага парушэння законнасці і правоў чалавека ў краіне», – паведамляецца ў заяве.

Паводле яе, «усе вядомыя абставіны справы ЗБС адназначна ўказваюць на тое, што пагром Задзіночання наўпрост звязаны з палітычнай актыўнасцю арганізацыі і яе лідараў».

Таму праваабаронцы выказваюць «рашучы пратэст супраць крымінальнага пераследу ды іншых формаў рэпрэсіяў» у дачыненні да прадстаўнікоў Задзіночання беларускіх студэнтаў. Яны падкрэсліваюць, што дзейнасць ЗБС, Каардынацыйнай рады ды іншых грамадскіх фармаванняў знаходзіцца пад абаронай артыкула 36 Канстытуцыі Беларусі і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У заяве адзначаецца, што пераслед сябраў ЗБС з’яўляецца праявай палітычных рэпрэсіяў, а самі зняволеныя – палітвязнямі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення ўсіх крымінальных спраў супраць іх, выказваюць падтрымку актывістам ЗБС і заклікаюць грамадскасць да салідарнасці з тымі арганізацыямі, хто патрапіў пад пераслед.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў