Затрыманых 1 верасня журналістаў адправілі ў ЦІП на Акрэсціна


Адміністратыўныя справы шасці затрыманых 1 верасня журналістаў вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку, але іх саміх не адпусцілі. Пра гэта паведамляе БАЖ.

Нагадаем, 1 верасня падчас студэнцкіх акцыяў пратэсту ў Менску былі затрыманыя журналісты TUT.by Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна, карэспандэнты «Комсомольской правды в Беларуси» Сяргея Шчогалеў, Мікіта Недаверкаў і Марыя Эльяшэвіч, а таксама журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга. На іх склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і пакінулі на ноч у РУУС Кастрычніцкага раёну. Некалькі дзясяткаў журналістаў (у асноўным з Tut.by) на знак салідарнасці правялі ноч і цэлы дзень ля будынку РУУС.

Затрыманыя журналісты на акцыі студэнтаў выконвалі свае прафесійныя абавязкі, яны былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на спіне. Аднак міліцыянты сцвярджалі, што рэпарцёры нібыта заклікалі студэнтаў да пратэстаў і «нават каардынавалі дзеянні натоўпу».

Суд над журналістамі распачаўся толькі ў другой палове дня 2 верасня, разгляд справаў адбываўся дыстанцыйна праз Скайп. Суд вярнуў усе адміністратыўныя справы ў міліцыю на дапрацоўку. Аднак журналістаў пры гэтым не вызвалілі – іх павезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Заўтра рэпарцёраў будуць судзіць зноў.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў