Затрыманы гендырэктар «Магілёўліфтмаш»

Арышт магчыма звязаны з карупцыяй і пастаўкай ліфтаў у Расею, піша TUT.by.

Генеральны дырэктар «Магілёўскага заводу ліфтавага машынабудаўніцтва» Барыс Кавалеўскі затрыманы. Паводле неафіцыйных звестак, арышт звязаны з карупцыйным скандалам.

Ягоная сакратарка паведаміла TUT.by, што зараз кіраўнік на бальнічным, а калі вернецца – невядома.

Аднак працаўнікі прадпрыемства ды іншыя крыніцы парталу сцвярджаюць, што Кавалеўскага затрымалі яшчэ 4 траўня. Прычым злавілі ў хапку: калі ён даваў або атрымліваў хабар. Крыніцы кажуць, што на заводзе затрымалі 12 чалавек.

Барыс Кавалеўскі, фота са старонкі прадпрыемства

Следчы камітэт і КДБ аніяк не пракаментавалі інфармацыю аб затрыманні дырэктара прадпрыемства.

Раней пракуратура распачала крымінальную справу супраць начальніка аддзелу маркетынгу «Магілёўліфтмаша». Той нібыта не ацаніў надзейнасць партнёраў, чым нашкодзіў прадпрыемству на Br 1,31 млн. Уся гэтая сума была пазней выплачаная.

Барыс Кавалеўскі нарадзіўся ў Грузіі ў 1963 годзе. У 2016 годзе быў абраны дэпутатам Савету Рэспублікі.

КТ Belsat.eu

Hавiны