Затрыманы блогер Сяргей Пятрухін. Зараз ён у берасцейскім ізалятары

Блогер і актывіст знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёну Берасця. Аб гэтым belsat.eu паведаміў берасцейскі праваабронца Уладзімір Вялічкін.

Учора 6 траўня Сяргей Пятрухін, вядомы праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці і YouTube-блогер («Народны рэпарцёр»), збіраўся на сустрэчу з іншым блогерам Сяргеем Ціханоўскім («Страна для жизни»), якога ўчора таксама затрымалі.

Міліцыя затрымала блогера Сяргея Ціханоўскага

Пазней блогер Аляксандр Кабанаў паведаміў, што Пятрухіна затрымаў спецназ каля вёскі Востраў Пухавіцкага раёну.

Сёння стала вядома, што ён у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёну Берасця. Адвакат берасцейскага блогера кажа, што яму не паведамілі прычыну ўтрымання ў ізалятары. Таксама невядома, ці склалі пратакол, перадае «Радыё Свабода». Згодна з заканадаўствам трымаць яго там без прад’яўлення абвінавачванняў могуць да трох содняў.

Апроч Пятрухіна 6 траўня ў Берасці затрымалі чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу, якія ішлі на плошчу падтрымаць затрыманых блогераў. Аб гэтым belsat.eu паведаміў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

Кіраваў затрыманнем Мікола Самсюк, намеснік старшыні РАУС Ленінскага раёну Берасця. Актывістаў пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны і адпусцілі. Відэа затрымання сёння зʼявілася ў сацыяльных сетках.

https://www.facebook.com/Anatol.Liabedzka/videos/258204235233014/

 

Апроч Пятрухіна і Ціханоўскага стала вядома аб затрыманні блогера Уладзіміра Няронскага («Слуцк для жизни») і аператара Ціханоўскага Арцёма Сакава. Яны знаходзяцца ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання (вул. Крупскай 99б). Аб гэтым паведамляе суполка «Страна для жизни» «Вконтакте».

 

Сяргей Пятрухін напрыканцы красавіка 2020 года сутыкнуўся з шараговым ціскам дзяржавы. 28 красавіка на яго пачалі крымінальную праверку па арт. 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»).

У 2018 годзе супраць блогера ўжо распачыналі крымінальную справу па гэтым жа артыкуле за абразу і паклёп на міліцыянтаў. У красавіку 2019 года яго прызналі вінаватым і пакаралі штрафам у Br 17 тысяч.

КТ Belsat.eu

Hавiны