Сілавікі затрымалі блогера Паўла Спірына. Супраць яго распачатая крымінальная справа


Праваабарончы цэнтр «Вясна паведамляе, што 4 верасня ў Менску быў затрыманы блогер Павел Спірын.

Затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы па ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці»). Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Справа звязаная з фільмам Спірына «Грань», які быў ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вядзе справу Цэнтральны апарат Следчага камітэту. Вядома, што ў доме ў Паўла Спірына прайшоў ператрус.

  • Павел Спірын набыў вядомасць пасля свайго фільму «Айчым» пра Аляксандра Лукашэнку, дзе крытыкаваў яго і набліжаных асобаў. «Айчым» выйшаў напрыканцы 2017 году і набраў амаль 900 тысяч праглядаў на YouTube. Кансультаваў Спірына вядомы беларускі дакументаліст Юрый Хашчавацкі. Сам жа Павел не толькі не хаваў аўтарства, але і сам дасылаў спасылку на відэа чыноўнікам. Тады міліцыя распачала даследчае правяранне што да наяўнасці ў фільме прыкметаў абразы кіраўніка дзяржавы, блогеру пагражала да двух гадоў пазбаўлення волі. У выніку крымінальная справа не была распачатая.
  • 14 чэрвеня 2019 года Павел Спірын выклаў на сваім канале новы фільм пад назваю «Грань 2019». У фільме сцвярджаецца, што дачыненне да гандлю буйнымі партыямі наркатычных рэчываў мае «цэнтральны апарат МУС». Гэтую стужку суд уключыў у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
  • У 2020 годзе Спірын вылучаў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, але не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата. Падчас кампаніі блогер заяўляў, што ў выпадку фальсіфікацыяў на выбарах і выкарыстанне супраць пратэстоўцаў АМАПу Лукашэнку можа чакаць лёс румынскага дыктатара Чаўшэску.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў