У Менску 6 жніўня міліцыя затрымала кіраўніцу выбарчага штаба кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Марыю Мароз. Пра гэта паведамілі «Белсату» у аб’яднаным штабе. У 12:45 Марыю Мароз вызвалілі. Паводле яе, з ёй такім чынам праводзілі «тлумачальную гутарку».
Такім чынам, міліцыянты хацелі «папярэдзіць, што ў выпадку правядзення сёння мітынгу Святланы Ціханоўскі ў парку Дружбы народаў, будуць пасадкі арганізатараў», піша «Страна для жизни».
Каля 11:00 Мароз затрымалі на выхадзе з амбасады Літвы, куды яна прыйшла падаваць дакументы на візу.
Затрымлівалі Марыю Мароз два чалавекі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі МУС.
«Яна ехала ў машыне з нашым валанцёрам. Да яго адразу ж падселі ў машыну, назвалі яго паводле імя ды імя па бацьку ды сказалі сядзець спакойна – «усё ў парадку». Пасля чаго забралі Марыю, і мы не ведаем пакуль, ні дзе яны, ні што», – адзначыла прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
Прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна таксама адзначыла, што праз затрыманне Мароз завісла пытанне правядзення мітынга-канцэрту ўвечары 6 жніўня.
МГ belsat.eu