Затрыманай у Менску Луізе Дудуркаевай з Чачэніі на радзіме пагражае смерць


Праваабаронцы сцвярджаюць, што 22-гадовай Луізе Дудуркаевай, якую затрымалі ў менскім аэрапорце і выдалі сваякам, пагражае смерць на радзіме.

Пра гэта Праваабрончаму цэнтру «Вясна» распавяла псіхолаг Валянціна Ліхашва з мурманскай ініцыятывы «Максимум» і юрыст, якія суправаджалі дзяўчыну падчас пераезду ў Нарвегію, дзе ёй далі прытулак.

«Луіза знаходзіцца ў перадсуіцыдальным стане. Я лічу, што яна змяніла сваё рашэнне пад уздзеяннем пагроз яе бацькі, які знаходзіўся пры допыце. Пры гэтым яе прадстаўніка на допыт не пусцілі. Шанцы, што па вяртанні ў Чачэнію, яе забʼюць вельмі і вельмі вялікія. Я сурʼёзна баюся за яе жыццё і здароўе. А супрацоўнікі беларускай міліцыі ўвесь гэты час адкрыта смяяліся з ёй і нас», – распавяла псіхолаг дзяўчыны Валянціна Ліхашва.

Дзяўчына вырашыла зʼехаць праз пагрозы пасля публікацыі яе фота ў суполцы «Карфаген» (сябры групы займаюцца барацьбою з «амаральнасцю»).

3 верасня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева супрацоўнікі паліцыі затрымалі Дудуркаеву, але атрымаўшы тлумачэнні, яе сфатаграфавалі і адпусцілі. 4 верасня каля 12:30 Луізу затрыманалі ў менскім аэрапорце падчас спробы вылецець у Хельсінкі.

Як пазней стала вядома, з Луізай Дудуркаевой цягам гадзіны размаўляў супрацоўнік крымінальнага вышуку, які адмовіўся прадставіцца праваабаронцам, але паказаў ім дакумент, дзе значылася, што дзяўчына знаходзіцца ў вышуку ўжо як зніклая без вестак.

Беларускія міліцыянты не сталі размаўляць з юрыстам, які суправаджаў чачэнку і меў даверанасць на прадстаўленне ейных інтарэсаў у дзяржорганах. Гутарка з дзяўчынай праходзіла за зачыненымі дзвярыма.

Праз гадзіну Луіза Дудуркаева выйшла ў слязах у суправаджэнні мужчыны, які прадставіўся адвакату ейным бацькам. Гэты чалавек павёз Луізу ў невядомым кірунку.

Праваабаронцы лічаць, што супрацоўнікі паліцыі далі інфармацыю аб намерах дзяўчыны і яе месцазнаходжанні сваякам супраць яе волі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў