Затрыманага ў Беларусі ўдзельніка маскоўскіх пратэстаў выслалі ў Расею


Удзельніка маскоўскай акцыі пратэсту 27 ліпеня 22-гадовага Мікіту Чырцова, затрыманага ў Менску, выслалі ў Расею. Пра гэта паведаміла тэлеканалу «Дождж» каардынатар прававой дапамогі «ОВД-Инфо» Ала Фралова.

Паводле яе словаў, Чырцова адправілі ў Маскву рэйсам «Белавія» B2 987. Самалёт прызямліўся ў Дамадзедава каля 18:00. Ягоны адвакат спачатку не мог знайсці яго, але потым пабачыў у аэрапорце. На дадзены момант Мікіта не затрыманы.

Раней ТАСС паведамляў, што Чырцоў абвешчаны расейскімі ўладамі ў вышук у сувязі з крымінальнай справай аб масавых беспарадках. Аб падазрэнні па гэтай крымінальнай справе казаў і ён сам падчас сустрэчы з адвакатам.

Пра затрыманне Мікіты Чырцова стала вядома 28 жніўня. Яго даставілі ў менскі пастарунак, а затым перадалі міграцыйным службам.

Фігурантамі справы, распачатай расейскімі ўладамі пасля няўзгодненай акцыі ў цэнтры Масквы 27 ліпеня, сталі 14 чалавек.

Гэта не першы выпадак, калі беларускі бок шчыльна супрацоўнічае з расейскім і выдае Расеі падазраваных грамадзян. Гэтак, у чэрвені 2017 году спартоўца Мурада Амрыева выдалі чачэнскім сілавікам, нягледзячы на ягонае хадайніцтва не рабіць гэтага і пратэст праваабаронцаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў