Затрыманага старшыню Салігорскага райвыканкаму абвінавацілі ў лабіяванні інтарэсаў замежнага бізнесу


Старшыню Салігорскага райвыканкаму Алега Паскробку вінавацяць у лабіяванні інтарэсаў замежнага бізнесу падчас працы на пасадзе першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. Цяпер яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе сайт МУС.

Учора, 17 чэрвеня, Следчы камітэт распачаў справу паводле ч.3 арт.426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу на падставе матэрыялаў ГУБЭЗ МУС. Паводле праваахоўнікаў, Паскробка лабіяваў інтарэсы замежнай камерцыйнай структуры па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

«На працягу некалькіх гадоў першы намеснік міністра ЖКГ з карыслівай і асабістай зацікаўленасці неаднаразова перавышаў службовыя паўнамоцтвы і атрымліваў ад прадстаўніка камерцыйнай структуры незаконныя грашовыя ўзнагароды. Яны склалі 2 тысячы еўра, – распавяла прадстаўніца ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмецьева. – Прыдуманы падазраваным спосаб атрымання грошай быў вельмі хітры і ў інтарэсах следства пакуль не агучваецца».

Алег Паскробка ў 2015-2017 гадах працаваў першым намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. У жніўні 2017-га Аляксандр Лукашэнка прызначыў чыноўніка на пасаду кіраўніка Салігорскага райвыканкаму. «Што тычацца Салігорску, вы ведаеце, што там адбылося з кіраўніком. Таму вам прыйдзецца падымаць імідж улады ў Салігорскім раёне», – казаў Лукашэнка падчас прызначэння.

Папярэдніка Паскробкі на пасадзе старшыні райвыканкаму таксама абвінавацілі ў карупцыі. Летам 2017 года ў дачыненні да старшыні Салігорскага раённага выканаўчага камітэту Аляксандра Рымашэўскагараспачалі крымінальную справу за атрыманне хабару. Мінаблсуд прысудзіў Рымашэўскага да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў