Затрымалі яшчэ аднаго топ-менеджара «Белгазпрамбанку»


У пятніцу быў затрыманы дырэктар гомельскай філіі «Белгазпрамбанку», паведамляе Telegram-канал «HARBACEVIČ».

Паводле Telegram-каналу «HARBACEVIČ» Валерый Мікалаенка, дырэктар гомельскай філіі «Белгазпрамбанку», быў затрыманы ў пятніцу 26 чэрвеня. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ і абвінавачваецца паводле арт. 430 КК (атрыманне хабару). Адваката да Валерыя яшчэ не пусцілі.

Галоўны офіс Белгазпрамбанку. Фота – belsat.eu

Паводле інфармацыі TUT.by гэтае затрыманне не звязанае са справай магілёўскага аддзялення «Белгазпрамбанку». Дырэктар магілёўскага аддзялення абвінавачваецца ў атрыманні хабару для выдачы буйных крэдытаў кампаніям з кепскай крэдытнай гісторыяй.

Крыніцы TUT.by сцвярджаюць, што ў банку быў праблемны кліент, разборкі з якім цягнуцца яшчэ з 2012 года. Ён і мог напісаць паклёп.

На старонцы «Белгазпрамбанку» гаворыцца, што Валерый Мікалаенка нарадзіўся ў Гомлі ў 1963 годзе. Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту па спецыяльнасці «вагонабудаўнітцва і вагонная гаспадарка» і Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці «Банкаўская справа».

  • Узначальваў камітэт па знешнеэканамічных сувязях Гомельскага гарвыканкаму, займаў пасаду намесніка кіраўніка гомельскай філіі Белсувязьбанку. Ад 2004 году – дырэктар гомельскай філіі «Белгазпрамбанку».
  • Праблемы ў «Белгазпрамбанку» пачаліся 11 чэрвеня. Зараз больш за 20 чалавек праходзяць па крымінальнай справе. Іх абвінавачваюць у адмыванні грошай, ухіленні ад платы падаткаў, ашуканстве, дачы і атрыманні хабару.
  • Ад 15 чэрвеня Нацбанк увёў у «Белгазпрамбанку» уласную адміністрацыю. Зараз на чале аднаго з найбуйнейшых прыватных банкаў краіны стаіць Надзея Ермакова.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў